Адрас райвыканкама: 211361, Віцебская вобласць, г.п. Бешанковічы, вул. Чуклая, 13
Тэлефон прыёмнай: 8 (02131) 6-42-45
E-mail: priemnay@beshenkovichi.gov.by
Франтавікі, партызаны, падпольшчыкі, працаўнікі тылу прынеслі мір і свабоду, заклалі той падмурак, на якім вырасла і заквітнела незалежная беларуская дзяржава. Наш святы абавязак — цвёрда стаяць на варце гэтых заваёў, праяўляць згуртаванасць і адзінства, ні пры якіх умовах не дапусціць страты незалежнасці Айчыны. На кожным з нас адказнасць за мір і парадак.
Памяць загінуўшых герояў, хто цаной свайго жыцця заваяваў свабоду, мір і незалежнасць, ушанавалі хвілінай маўчання. Кветкі да падножжа Кургана Славы ляглі ад кіраўніцтва раёна, працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, маладога пакалення.
Наша бешанковіцкая зямля заўсёды была багатая працавітымі і таленавітымі людзьмі. Сімвалічна, што менавіта ў Дзень Незалежнасці – галоўнае свята краіны – у Бешанковічах прайшла ўрачыстая цырымонія адкрыцця новай раённай Дошкі гонару. Убачыць самых годных людзей і перадавыя арганізацыі раёна цяпер можна каля парку камсамольцаў – сюды «пераехаў» гэты ганаровы аб’ект, які, варта адзначыць, выглядае намнога самавіцей свайго папярэдніка. Ушаноўваць тых, хто прыклаў максімум намаганняў у сваёй працы, – добрая традыцыя. Так і павінна быць, каб лепшых бачылі і ведалі ўсе, каб на іх раўняліся, бралі прыклад, каб дзеці ганарыліся сваімі бацькамі, імкнуліся быць дастойнымі іх.
Вітаючы працоўныя калектывы, старшыня райвыканкама Г. У. Унуковіч адзначыла: «Дошка гонару – свайго роду вышэйшы п’едэстал у раёне, куды за самаадданую працу заносяцца людзі, якія ўмацоўваюць наш край сваім адказным стаўленнем да даручанай справы».
Галіне Уладзіміраўне, а таксама старшыні райсавета дэпутатаў Г. М. Шведаву і ганароваму ветэрану працы, заслужанаму лесаводу БССР М. А. Лабкову было дадзена права перарэзаць сімвалічную стужку. Пасля чаго пачалося ўрачыстае ўшанаванне лепшых калектываў і працаўнікоў раёна.
Рашэннем райвыканкама па выніках працы за 2019 год на раённую Дошку гонару занесены СУП «Вядзерава», КСВУП «ПалітаддзелецАгра», НВП «Белкатламаш» ТАА, СТАА «НАЦІВІТА», КБУП «Бешанковіцкая ПМК-41» і цэнтральная раённая бібліятэка.
Тут таксама размешчаны 20 партрэтаў жыхароў прыдзвінскага краю, якія вызначыліся ў працы, вучобе і службе. Гэта сапраўдныя прафесіяналы. Па ўласных словах узнагароджаных, аказаны гонар і прызнанне дасягненняў абавязкова стануць для іх дадатковым стымулам на шляху да новых вяршыняў.
Святочны настрой удзельнікам цырымоніі падарыў калектыў народнага ансамбля народнай песні «Весялуха». Павіншаваць віноўнікаў урачыстасці прыйшлі і выхаванцы яслі-сада №1 г. п. Бешанковічы.
Мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, прадоўжыліся ўвечары ў цэнтральным парку. Выставы, дзіцячая забаўляльная праграма, гандлёвыя рады, святочны канцэрт, вогненнае шоу і феерверк… Такога свята жыхары райцэнтра не бачылі даўно!
Сваю хвіліну славы ў гэты вечар атрымалі і работнікі філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства, якія ў мінулую нядзелю адзначалі прафесійнае свята. Прадстаўнікоў спажывецкай кааперацыі са сцэны павіншавалі Г. У. Унуковіч і Г. М. Шведаў. Лепшыя з лепшых атрымалі граматы і падзякі. А Генадзь Міхайлавіч выканаў яшчэ адну ганаровую місію – адзначыў пераможцаў раённага фотаконкурсу «Мая малая радзіма».