Бешанковіцкі раённы выканаўчы камітэт

Адрас райвыканкама: 211361, Віцебская вобласць, г.п. Бешанковічы, вул. Чуклая, 13

Тэлефон прыёмнай: 8 (02131) 6-42-45

E-mail: priemnay@beshenkovichi.gov.by

Бешанковіцкі райвыканкам Бешанковіцкі Раённы Дом культуры Палац Храптовічаў Курган Славы
Бешанковіцкі райвыканкам
Бешанковіцкі
Раённы Дом культуры
Палац Храптовічаў
Курган Славы
17 лютага 2020

У Бешанковіцкім райвыканкаме прайшло чарговае пасяджэнне камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва

     У рамках рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 красавіка 2015 года №3 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва» штомесяц у Бешанковічах праходзяць пасяджэнні пастаянна дзеючай раённай камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва. Узначальвае яе старшыня раённага Савета дэпутатаў Г. М. Шведаў.

     У ходзе чарговага пасяджэння камісіі разгледжаны бягучы стан рэспубліканскай базы дадзеных не занятых у эканоміцы працаздольных грамадзян, зарэгістраваных на тэрыторыі нашага раёна. На 10 лютага 2020 года ў базе дадзеных лічацца 1202 жыхара Бешанковіччыны. 882 з іх камісія прызнала занятымі. У асноўным гэта ўладальнікі зямельных участкаў, якія выкарыстоўваюцца для вядзення падсобнай гаспадаркі і абслугоўвання жылога дома, тыя, хто выхоўвае дзіця да 7 гадоў, мае 3-х і больш дзяцей, а таксама працуючыя або тыя, што навучаюцца за межамі Беларусі.

— Вядома, калі чалавек патрапіў у складаную жыццёвую сітуацыю (напрыклад, у сувязі з хваробай блізкага чалавека і неабходнасцю догляду за ім, у іншых выпадках) камісія будзе прымаць рашэнне, каб чалавек не лічыўся ў спісах не занятых у эканоміцы, — адзначыў Г. М. Шведаў. — Тут важны індывідуальны падыход да кожнага.

     Калі казаць у цэлым пра работу камісіі, то толькі за мінулы год сюды звярнуліся 1237 чалавек (603 — па запрашэнні камісіі, 634 — самастойна). 2741 чалавеку аказаны інфармацыйна-кансультатыўнае садзейнічанне. 87 чалавек былі накіраваны да наймальнікаў для працаўладкавання (67 — на пастаянную работу). У 2019 годзе праведзена 33 пасяджэнні камісіі, на якія былі запрошаны 221 грамадзянін, 37 з іх вядуць асацыяльны лад жыцця. Менавіта рабоце з апошнімі члены камісіі надаюць асаблівую ўвагу. З кожным з іх гутараць, высвятляюць, чаму грамадзяне да гэтага часу не працуюць. Як правіла, многія з іх — гэта мужчыны сярэдняга ўзросту, якім нічога не перашкаджае пайсці на працу. Але далёка не ўсе згаджаюцца з прапанаванымі варыянтамі для працаўладкавання, часта спасылаючыся на стан здароўя, нізкую заработную плату або дрэнныя ўмовы працы. Толькі вось прычына адмовы зусім іншая — банальнае нежаданне працаваць… Хтосьці жыве за кошт пенсіі бацькоў, хтосьці перабіваецца невялікімі заробкамі, дапамагаючы па гаспадарцы аднавяскоўцам, а хтосьці нажывае праблемы з законам.

     Але бываюць і іншыя жыццёвыя сітуацыі. Узяць хаця б закрыццё прадпрыемства. Як вынік — чалавек губляе працоўнае месца, якое прыносіла яму стабільны даход на працягу доўгага часу. І тут галоўнае — не пакінуць людзей сам-насам са сваімі праблемамі, усяляк дапамагчы ім у працаўладкаванні. У нашым раёне такія прыклады ёсць. У мінулым годзе па прычыне ліквідацыі ДП «ПлісыАгра» 38 яго былых работнікаў засталіся без работы. Кожнаму прапрацоўваліся варыянты працаўладкавання, актыўна да вырашэння гэтага пытання падключылася і раённая камісія па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва. Да цяперашняга часу не працаўладкаваны толькі 9 чалавек, але, па словах старшыні Соржыцкага сельвыканкама А. З. Шахорскай, якая таксама прысутнічала на пасяджэнні камісіі, гэтыя людзі не кінутыя на волю лёсу, у іх ёсць прысядзібныя ўчасткі, хатняя жывёла, як кажуць, добрага гаспадара зямля корміць.

     Не так даўно спыніў сваю дзейнасць і Бешанковіцкі льнозавод, агульная колькасць работнікаў якога складала 40 чалавек (праўда, гэта з улікам «дэкрэтнікаў» і пенсіянераў). У цяперашні час 17 ужо працаўладкаваны, сітуацыя з астатнімі застаецца на кантролі. З двума былымі льнозавадчанамі, напрыклад, пагутарылі ў ходзе пасяджэння камісіі. Ім расказалі пра наяўныя ў раёне вакансіі (такіх на сёння 65), пра магчымасць прайсці перападрыхтоўку і атрымаць запатрабаваную на рынку працы спецыяльнасць. Папярэдне вызначыліся, што жанчына пойдзе на вытворчы ўчастак «Белвест» у Бешанковічах (у яе і спецыяльнасць адпаведная), мужчына ж не супраць адвучыцца на зваршчыка і пасля працаўладкавацца ў адно з сельгаспрадпрыемстваў.

     Работа з не занятымі ў эканоміцы працаздольнымі грамадзянамі працягваецца і, як і раней, будзе мець індывідуальны падыход. Таму кожны жыхар раёна, які сутыкнуўся з праблемай працаўладкавання або па аб’ектыўных прычынах знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, можа звярнуцца за тлумачэннямі і дапамогай у камісію па тэлефоне: 4-31-20 або на адрас электроннай пошты dekret3besh@vitebsk.by.

   Дарэчы, на пасяджэнні камісіі прысутнічаў намеснік старшыні аблвыканкама А. С. Мацкевіч. Алег Сяргеевіч назіраў за ходам разгляду пытанняў, пасля чаго прызнаў работу камісіі здавальняючай і даў некалькі парад, як зрабіць яе яшчэ больш эфектыўнай.

 Святлана ВАРОШКА,

http://www.gztzara.by

Інтэрнэт-рэсурсы