Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Бешенковичский районный исполнительный комитет
Главная / / Новости / / Новости района

Новости района

20 марта 2018 года

Первый паспорт в День Конституции получили около 50 школьников Бешенковиччины

Патрыятычная акцыя "Мы – грамадзяне Беларусі!" праходзіць па ўсёй краіне па ініцыятыве ГА "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі" з 2004 года. Штогод у ходзе яе мерапрыемстваў кіраўнікі заканадаўчай і выканаўчай улады, грамадскія дзеячы і іншыя заслужаныя і аўтарытэтныя людзі краіны ва ўрачыстай абстаноўцы ўручаюць 14-гадовым юнакам і дзяўчатам пашпарты грамадзян Рэспублікі Беларусь. Каля 50 школьнікаў Бешанковіччыны атрымалі свой галоўны дакумент у Дзень Канстытуцыі.

На ўрачыстасць, што адбылася ў чацвер у РЦК, павіншаваць вучняў з важнай падзеяй і даць наказ завіталі ганаровыя госці: намеснік старшыні райвыканкама М. А. Заблоцкі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н. М. Апанасёнак, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А. І. Ерашоў, першы сакратар РК ГА "БРСМ" Т. А. Жукоўская і вядучы спецыяліст групы па грамадзянстве і міграцыі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Л. С. Мацюшова.

Урачыстае ўручэнне пашпарта сімвалізуе перадачу нацыянальных традыцый ад старэйшага пакалення моладзі. Атрымаць яго ў знакавы для нашай краіны дзень – асабліва ганарова, гэта не проста ўручэнне дакумента, які сведчыць асобу, а яшчэ адзін крок да фарміравання актыўнай грамадзянскай пазіцыі.

М. А. Заблоцкі, перш чым уручыць пуцёўкі ў дарослае жыццё, поўнае новых правоў і абавязкаў, пажадаў віноўнікам урачыстасці быць актыўнымі ў грамадскім жыцці. "Шчыра жадаю добрага здароўя, дабрабыту, міру, упэўненасці ў заўтрашнім дні. Памятайце: поспех чалавека вызначае яго працавітасць, адказнасць і прадпрымальнасць. Дык будзьце ж годнымі грамадзянамі Беларусі! Працуйце на карысць нашай Радзімы, каб у будучым вамі ганарылася краіна", – павіншаваў Мікалай Анатольевіч.

Шмат цёплых слоў прагучала ў гэты дзень, шмат віншаванняў, наказаў. На сцэну выходзілі вучні СШ №1 і №2 райцэнтра, Астровенскай і Каранеўскай д/с-СШ, Бачэйкаўскай СШ, гімназісты. Акрамя пашпартоў школьнікі атрымалі памятны падарунак – кнігу "Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь".

Па традыцыі ў гэты дзень адбылася яшчэ адна незабыўная падзея – уручэнне членскіх білетаў ГА "БРСМ". "Я вельмі рада, што сёння наша арганізацыя папоўнілася новымі людзьмі, бо гэта – новыя думкі і ідэі. Мне асабліва прыемна ўручаць білеты сёння. Жадаю вам прымаць адзін аднаго такімі, якія ёсць, паважаць старэйшых, быць аб'ектыўнымі ў сваіх меркаваннях. Думаю, што разам мы здолеем шмат чаго дасягнуць", – выказала ўпэўненасць Т. А. Жукоўская.

Падчас урачыстага мерапрыемства бешанковіцкай моладзі быў прадэманстраваны відэафільм "І будзе жыць Хатынь", як даніна павагі і памяці ўсім, хто загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны, як напамін пра жахі Хатыні і сотні такіх жа спаленых вёсак. Напамін маладому пакаленню сёлета, у 75-ю гадавіну трагедыі, каб не забывалі тых, хто сваёй перамогай здабыў нам свабоду…

Падарункам для юных грамадзян стаў святочны канцэрт. Свае віншаванні вучням дарылі ансамбль барабаншчыц "Рытм" (кіраўнік Юрый Рагель), Кацярына Белавус, Дыяна Воднева і Вольга Сергіенка. Незабыўнай была харэаграфічная пастаноўка Юліі Максімовіч.

Быць грамадзянінам Рэспублікі Беларусь – высокі гонар. Натхнёныя, з агеньчыкам у вачах юнакі і дзяўчаты вярталіся дадому, яны моцна трымалі ў руках свой першы пашпарт – сімвал адказнасці за ўчынкі, упэўненасці ў сваіх сілах і сваёй будучыні. Што ж, у добры шлях!

Марыя САНЬКО.

Вернуться