Новости района
В числе лучших животноводов Витебщины - труженица из Бешенковичского района
Урачыстасці ў юбілейны для Віцебскай вобласці год разгарнуліся ў Доме культуры Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Узнагароды знайшлі сваіх герояў: 150 перадавікоў адзначаны каштоўнымі падарункамі, Ганаровымі граматамі і Падзякамі аблвыканкама, галіновага міністэрства, рэспубліканскага і абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК.
На цырымоніі прысутнічала дэлегацыя нашага раёна на чале са старшынёй райвыканкама Андрэем Анатольевічам Булаўкіным. У яе складзе былі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Я. С. Фіешка і прадстаўнікі працоўных калектываў сельскагаспадарчых арганізацый: аператар свінагадоўчых комплексаў і механізаваных ферм вытворчага ўчастка "Свіціна" ВУП "Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў" Людміла Іванаўна Гарадзюшка, загадчык Бешанковіцкай участковай ветэрынарнай лячэбніцы ветурач-эпізаатолаг Марына Уладзіміраўна Глінская, брыгадзір вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі МТФ "Саннікі" ЗАТ "ААБ-Агра Наватар" Марына Уладзіміраўна Вядзернікава, брыгадзір вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі МТФ "Крупеніна", "Малы Двор", "Пушкары", "Горкі" УП "Вядзерава" Таццяна Уладзіміраўна Разгонава, жывёлавод пятага разраду Валерый Ягоравіч Селіванаў і аператар машыннага даення Лена Леанідаўна Стук (абодва – працаўнікі ДП "ПалітаддзелецАгра"), а таксама інжынер па ахове працы УП "Свіціна-ВМК" Валянціна Анпалітаўна Шашкова.
Асабліва ўзрадавала і ўзвысіла пачуццё гонару за наш край і яго рупліўцаў узнагарода – Ганаровая грамата аблвыканкама, якой была адзначана Людміла Іванаўна Гарадзюшка. Свіцінская працаўніца дасягнула высокіх паказчыкаў. Валавыя прывагі яе падапечных за 2017 год склалі амаль 278,4 тоны, сярэднясутачныя – 634 г.
Радуемся разам з вамі, Людміла Іванаўна, і далучаемся да віншаванняў. Моцнага здароўя, сямейнага шчасця і дабрабыту, новых дасягненняў і працоўных перамог, веры ў заўтрашні дзень!
Жывёлагадоўля – у ліку самых складаных галін сельскай гаспадаркі. Яна забяспечвае харчовую бяспеку краіны, з'яўляецца асновай паспяховага развіцця эканомікі дзяржавы. У параўнанні з іншымі рэгіёнамі аграрыі Віцебшчыны (а значыць, і Бешанковіччыны!) вымушаны працаваць у больш складаных прыродна-кліматычных умовах, што, аднак, не змяншае іх аптымізм і любоў да сваёй справы. Што тут скажаш – так трымаць!
Марыя САНЬКО.