Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Бешенковичский районный исполнительный комитет
Главная / / Новости / / Новости района

Новости района

15 марта 2018 года

Выстава тканых і вышываных рэчаў "Уратаваныя скарбы" адкрылася ў Бешанковічах

Чырвонаю ніткай на белай тканіне

Стварае жыццё каля печы дзяўчына.

Старанна іголкай за крыжыкам крыжык

Яна вышывае ў часіны зацішшаў

Пра спевы ды сонца, багацце, каханне,

Каб любы здалёк прыляцеў на спатканне,

Каб дзеткі з'явіліся, мары збыліся,

Каб продкі навек у жыцці засталіся.

Адна тут прычына: асаблівыя і розныя

Стварае дзяўчына ў час моцных марозаў

На белай тканіне не проста ўзоры,

А памяць народа, часоў даўніх споведзь.

Шмат сказана ў гэтых некалькіх вершаваных радках пра ролю вышыўкі ў жыцці нашых продкаў. Пра тое, наколькі яна была важная для нашых бабуль і родзічаў, як беражліва захоўвалася, які сакральны сэнс і веды ўкладваліся ў кожнае вышыванае палатно, ішла размова падчас прэзентацыі выставы тканых і вышываных рэчаў "Уратаваныя скарбы", якая сімвалічна адкрылася ў чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі ў Міжнародны дзень роднай мовы.

Дырэктар Бешанковіцкага раённага Дома рамёстваў Алеся Іванаўна Аўчыннікава зрабіла невялікую экскурсію па гісторыі такіх народных промыслаў, як вышыўка і тканыя рэчы. Вясельныя і звычайныя ручнікі, накідкі і вышываныя падушкі, саматканыя посцілкі… Кожная з прадстаўленых работ, а некаторым з іх ужо больш за 100 гадоў, сагрэта цяплом малой радзімы і захоўвае таямніцы нашай культурнай спадчыны і памяць беларускага народа.

– Прыкладна так выглядала любая сялянская хата яшчэ ў 50-60-я гады ХХ стагоддзя. Падобны інтэр'ер можна было знайсці ў любой сядзібе ў вёсцы і ўразіцца прыгажосцю немудрагелістых узораў. Калі паглядзець уважліва на тканыя вышыванкі, то ўбачым істотную розніцу ў тэхніцы, – звярнула ўвагу Алеся Іванаўна. – Тут прадстаўлены ручнікі і посцілкі канца ХIХ – пачатку ХХ стагоддзя і пазнейшыя вырабы – пасляваенныя, датаваныя 50-60 гадамі мінулага стагоддзя.

Чым яны адрозніваюцца? Для больш ранніх работ выкарыстана саматканае палатно і вышыўка з геаметрычным узорам у асноўным з чорна-чырвоным малюнкам, што было характэрна для нашага раёна, у суседнім Сенненскім, напрыклад, выкарыстоўвалі зялёны і сіні колеры, а ўжо ў 50-60-х гадах ХХ стагоддзя пераважае так званая крамная тканіна (набытае ў магазіне палатно) і шматколерная вышыўка гладдзю…

Гледзячы на буянства фарбаў і гэта хараство, у думках перанеслася ў далёкае дзяцінства. Успомнілася, як я гасцявала ў маленстве ў бабулі Ліды ў в. Судзілы Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці: яе дом быў у такім жа "карункавым" убранні, заўжды ўтульны, сагрэты цяплом душы і па-хатняму гасцінны.

Але ўзнікае пытанне: "Чаму такая незвычайная назва ў выставы – "Уратаваныя скарбы"?" Аказваецца, цяпер гэтыя рэдкія рэчы, выстаўленыя для ўсеагульнага агляду, беражліва захоўваюцца ў прыватных калекцыях Надзеі Фёдараўны Ганусевіч і Марыны Пятроўны Протас з Бачэйкава, Таццяны Цімафееўны Бабаед з райцэнтра і ў раённым Доме рамёстваў. У мінулым яны належалі іх матулям, бабулям і прабабулям.

Між тым прыкладна 70% ад прадстаўленага аб'ёму вырабаў знойдзены і выратаваны ад забыцця, вогнішча і смеццевых звалак Андрэем Віктаравічам Трубецкім – чалавекам, неабыякавым да спадчыны і гісторыі раёна, аматарам этнаграфіі, калекцыянерам, кавалём і выратавальнікам па сумяшчальніцтве. Гэта ён выратаваў унікальныя рэчы і з'яўляецца натхняльнікам стварэння выставы. Ідэю Андрэя Віктаравіча падтрымала яго аднадумца Зоя Віктараўна Каравач – педагог дадатковай адукацыі аб'яднання па інтарэсах "Спадчына" ДУДА "Бешанковіцкі раённы Цэнтр дзяцей і моладзі". Захавальніца памяці пра сваіх продкаў – бабулю і прабабулю – таксама прадставіла на выставе тканыя вырабы, створаныя рукамі блізкіх ёй і дарагіх сэрцу людзей.

Народны настаўнік СССР Уладзімір Амбросавіч Каракоўскі казаў: "Без памяці – няма гісторыі, без гісторыі – няма культуры, без культуры – няма духоўнасці, без духоўнасці – няма выхавання, без выхавання – няма Чалавека, без Чалавека – няма Народа!". Прыйшоў час кожнаму з нас у Год малой радзімы не толькі ўспомніць пра свае карані, пра месца, дзе засталася часцінка душы, але і аддаць доўг гэтаму кавалачку зямлі. Нашай роднай зямлі патрэбна энергія любові кожнага жыхара, яго вера ў сваю краіну і клопат пра яе. Наша малая радзіма мае патрэбу ў тым, каб зрабіць нешта добрае і карыснае для свайго роднага краю.

– Вам не патрэбны старажытныя вышыванкі і посцілкі, што рабілі вашы продкі, не ведаеце, што з імі рабіць, бо яны, на вашу думку, толькі займаюць месца ў шафе? Не выкідвайце! – як заклік прагучалі словы З. В. Каравач. – Нясіце да нас: у прыватны музей Андрэя Трубецкага, у аб'яднанне па інтарэсах "Спадчына", якім я кірую, у раённы Дом рамёстваў, у бібліятэку. Мы знойдзем ім прымяненне і падорым другое жыццё. Калі не ведаеце, што хацеў сказать аўтар ручнікоў у сваіх узорах, на шчасце, у раёне ёсць спецыялісты, якія дапамогуць у гэтым разабрацца. Гісторыю можна вывучаць не толькі па кнігах, куды цікавей спазнаваць таямніцы нашай малой радзімы па такіх вось старажытных рэчах…

"Давайце зберажом нашу культурную спадчыну!" – гэта галоўная думка выставы, якая яшчэ будзе працаваць у цэнтральнай раённай бібліятэцы на працягу сакавіка і красавіка.

Анжела ЛЮДЫНО 


Вернуться