11 лістапада - Міжнародны дзень энергазберажэння

У 2008 годзе па ініцыятыве ўдзельнікаў Міжнароднага школьнага праекта па выкарыстанні рэсурсаў і энергіі SPARE 11 лістапада абвешчаны Днём энергазберажэння.

У мэтах прыцягнення ўвагі грамадскасці да рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў і развіццю аднаўляльных крыніц энергіі Рэспубліка Беларусь падтрымала і далучылася да святкавання Міжнароднага дня энергазберажэння. У 2020 годзе Рэспубліка Беларусь адзначае Міжнародны дзень энергазберажэння ў дванаццаты раз.

З дня ўтварэння незалежнай дзяржавы - Рэспублікі Беларусь - востра паўстала пытанне забеспячэння развіцця краіны ва ўмовах дэфіцыту ўласных энергурэсурсаў. Беларусь была адной з самых энергаёмістых рэспублік былога СССР. Урад рэспублікі прыняў рашэнне, што адным з прыярытэтаў развіцця стане энергазберажэнне. У красавіку 1993 года быў утвораны Камітэт па энергазберажэнні і энергетычным наглядзе пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. У чэрвені 1998 года ў Віцебскай вобласці пачала сваю працу Віцебскае абласное ўпраўленне па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем ТЭР. Упаўнаважаны рэспубліканскі орган у сферы энергазберажэння - Дэпартамент па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь, які праводзіць дзяржаўнае кіраванне ў сферы энергазберажэння.

У мэтах рэалізацыі палажэнняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14.06.2007 №3 «Аб прыярытэтных напрамках умацавання эканамічнай бяспекі дзяржавы», Закона Рэспублікі Беларусь ад 08.01.2015 №239-З «Аб энергазберажэнні», а таксама ў сувязі з правядзеннем 11 лістапада Міжнароднага дня энергазберажэння, Дэпартаментам па энергаэфектыўнасці ініцыюецца правядзенне ў перыяд з 9 па 20 лістапада 2020 г. рэспубліканскай інфармацыйна-адукацыйнай акцыі «Беларусь – энергаэфектыўная краіна».

Вельмі важна, каб заканадаўча замацаваная дзяржаўная палітыка энергазберажэння мела водгук і як мага больш шырокую падтрымку ў грамадстве.

Энергазберажэнне — працэс шматграбны, ён ахоплівае розныя сферы чалавечай дзейнасці. Па сутнасці, гэта лад жыцця народа, грамадства, які выпрацоўвае пэўны псіхалагічны алгарытм паводзінаў. Якім будзе будучыня нашай краіны — шмат у чым залежыць ад каштоўнасных асноў паводзінаў, якія закладваюцца ў свядомасць дзяцей у працэсе навучання. Несумненна, галоўную ролю ў гэтым працэсе займаюць экалагічная адукацыя і выхаванне, а таксама прывіццё навыкаў беражлівых адносін да энергетычных рэсурсаў, якімі распараджаецца чалавецтва. Вядучая роля ў гэтым працэсе належыць сістэме адукацыі.

Місію фарміравання разумення важнасці энергазберажэння, энергаэфектыўнасці і выкарыстання экалагічна чыстых крыніц энергіі ў падрастаючага пакалення нясе ў сабе рэспубліканскі конкурс «Энергамарафон». Ужо 13 гадоў праводзіцца гэты конкурс Дэпартаментам па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь.

Ідэалогія энергазберажэння накіравана на паляпшэнне экалагічнай абстаноўкі ў краіне, свеце.
Сучаснае грамадства спажывае ўсё больш энергіі, што звязана з ростам колькасці жыхароў Зямлі, мадэрнізацыяй абсталявання іх жылля, а таксама з нарошчваннем маштабаў прамысловай вытворчасці. Энергазберажэнне не выпадкова мае статус адной з самых сур'ёзных задач XXI стагоддзя.

Актуальнасць праблемы эканоміі рэсурсаў прызнана ва ўсіх развітых краінах, паколькі ад яе вырашэння залежыць месца дзяржаў на сусветным рынку, а шмат у чым і ўзровень жыцця насельніцтва.

Ключавым элементам сусветнай энергетычнай стратэгіі апошніх гадоў з'яўляецца скарачэнне і стабілізацыя вытворчасці энергіі. Важная роля ў гэтай стратэгіі належыць энергазберажэнню як дадатковай важкай крыніцы энергіі. Сусветны вопыт паказвае, што кожныя тры працэнты зберажонай энергіі могуць павысіць узровень нацыянальнага даходу на адзін працэнт, даючы ў выніку сур'ёзныя макраэканамічныя выгады.

Правядзенне энергасберагаючай палітыкі дазваляе скараціць спажыванне энергетычных рэсурсаў, павысіць энергетычную бяспеку краіны, паменшыць уздзеянне на навакольнае асяроддзе, а значыць, аслабіць нагрузку на дзяржаўны бюджэт і павысіць эканамічную эфектыўнасць і ўстойлівасць дзяржавы.

Самыя простыя спосабы энергазберажэння даступныя любому і могуць прымяняцца ў побыце паўсюдна. З метадычнымі рэкамендацыямі, вучэбнымі дапаможнікамі, а таксама практычнымі спосабамі эфектыўнага выкарыстання энергетычных рэсурсаў у побыце можна азнаёміцца на афіцыйным сайте Дэпартамента па энергаэфектыўнасці.

Інфармацыя прадастаўлена
Віцебскім абласным упраўленнем
па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем
паліўна-энергетычных рэсурсаў.