14 лістапада прайшоў Дзень Савета на тэрыторыі Бешанковіцкага сельсавета
У населеныя пункты сельсавета выехалі дзевяць рабочых груп з ліку прадстаўнікоў райвыканкама, кіраўнікоў раённых службаў, прадпрыемстваў і арганізацый.
У аграгарадку Дразды агучыць свае праблемы і прапановы мясцовыя жыхары маглі асабіста старшыні Бешанковіцкага раённага Савета дэпутатаў Генадзю Шведаву. Падвядзенне вынікаў Дня Савета адбылося ў раённым выканаўчым камітэце.
Пытанні, якія ўзнімалі вяскоўцы, датычыліся гандлёвага, транспартнага, медыцынскага абслугоўвання, паляпшэння жыллёвых умоў, стану дарог, асвятлення, выдалення аварыйных дрэў… Усе жыццёвыя. Прагучала ў гэты дзень ад людзей і нямала слоў падзякі за дапамогу і клопат, у прыватнасці, на адрас паштавікоў, якія не толькі выконваюць сваю галоўную задачу, але і забяспечваюць вяскоўцаў прадуктамі харчавання.
Па асобных пытаннях жыхары сельсавета атрымалі тлумачэнні спецыялістаў на месцы, іншыя ўзяты на кантроль. Прызначаны адказныя за іх вырашэнне выканаўцы.