16 верасня – Сусветны дзень аховы азонавага слоя
16 верасня ў памяць аб падпісанні ў гэты дзень Манрэальскага пратакола штогод адзначаецца Сусветны дзень аховы азонавага слоя.
Дэвіз гэтага дня ў 2024 годзе: «Манрэальскі пратакол: актывізацыя барацьбы са змяненнем клімату».
Азонавы слой знаходзіцца ў стратасферы на вышыні 10 – 40 км над паверхняй Зямлі і абараняе ўсё жывое ад шкоднага ультрафіялетавага сонечнага выпраменьвання. Жыццё на Зямлі немагчыма без сонечнага святла. Але энергія, якая выпраменьваецца Сонцам, была б занадта разбуральнай для жыцця на Зямлі, калі б не азонавы слой.
У выніку навуковых даследаванняў было выяўлена, што шэраг шырока выкарыстоўваных хімічных рэчываў (галогенавуглевародаў) з'яўляецца надзвычай небяспечным для азонавага слоя.
Навуковае пацвярджэнне факту знясілення азонавага слоя падштурхнула міжнародную супольнасць прыняць меры па абароне азонавага слоя, 22 сакавіка 1985 года была прынята і падпісана 28 краінамі Венская канвенцыя аб ахове азонавага слоя.
Падпісанне Венскай канвенцыі заклала аснову для міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне даследавання і аховы азонавага слоя і прывяло да прыняцця 16 верасня 1987 года Манрэальскага пратакола па рэчывах, якія разбураюць азонавы слой, канчатковай мэтай якога з'яўляецца поўны адказ ад выкарыстання сінтэзаваных чалавекам хімічных азонаразбуральных рэчываў.
Рэспубліка Беларусь у ліку першых краін прыняла ў 1988 годзе Манрэальскі пратакол і цалкам выконвае палажэнні гэтага міжнароднага дагавора, а па асобных азонаразбуральных рэчывах апярэджвае графік спынення іх спажывання.
З 2020 года азонаразбуральныя рэчывы ў Беларусь не ўвозяцца, патрэбы па абслугоўванні абсталявання, што засталося і працуе на азонаразбуральных рэчывах, выконваюцца за кошт наяўных запасаў, а таксама за кошт укаранення працэсаў рэцыклінгу і аднаўлення азонаразбуральных рэчываў.