26 чэрвеня – Дзень работнікаў пракуратуры
26 чэрвеня работнікі пракуратуры адзначаюць сваё прафесійнае свята. Пракурорскі нагляд – гэта асаблівая сфера дзейнасці, у якой пракурор надзелены паўнамоцтвамі ўстараняць парушэнні закона практычна ва ўсіх галінах праваадносін: жыллёвыя, працоўныя, эканамічныя, падатковыя, прыродаахоўныя і гісторыка-культурныя, у сферах прафілактыкі правапарушэнняў, барацьбы з карупцыяй, адміністрацыйнага, грамадзянскага і крымінальнага судаводства.
Задача пракурора – забяспечыць вяршэнства права, законнасці і правапарадку, абарону правоў і законных інтарэсаў дзяржавы, арганізацый і грамадзян.
З пастаўленымі задачамі спраўляецца і нешматлікі калектыў пракуратуры Бешанковіцкага раёна, які складаецца з 3 пракурорскіх работнікаў і 3 работнікаў, якія ажыццяўляюць тэхнічнае забеспячэнне пракуратуры.
Амаль дзесяць гадоў калектыў пракуратуры раёна ўзначальвае Шклярэўскі Андрэй Сяргеевіч, які, дарэчы, рос і выхоўваўся на Бешанковіцкай зямлі, у 1995 годзе скончыў сярэднюю школу №2, а ў 2000 – эканамічны факультэт Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі па спецыяльнасці правазнаўства. У снежні 1999 года падчас вучобы на пятым курсе быў прыняты стажорам на пасаду памочніка пракурора Бешанковіцкага раёна, а пасля заканчэння навучальнай установы атрымаў першы класны чын – юрыст 3 класа, у 2004-2006 г.г. працаваў старшым следчым, а з лістапада 2006-га – пракурор раёна, цяпер у класным чыне саветніка юстыцыі.
Больш за 20 гадоў служыць закону намеснік пракурора Ляшонак Эльвіра Іосіфаўна – малодшы саветнік юстыцыі, гэта па праўдзе незаменны супрацоўнік у калектыве, пад яе пільным пракурорскім позіркам знаходзяцца грамадзянскія і крымінальныя справы ад простых да самых складаных. Гэта высокапрафесійны і дасканалы юрыст. Поспехі Ляшонак Э.І. у нагляднай дзейнасці неаднаразова адзначаліся заахвочваннямі Генеральнага пракурора і пракурора Віцебскай вобласці. Але самыя галоўныя яе якасці – аптымізм, невычэрпная вера ў справядлівасць і імкненне прыйсці на дапамогу тым, хто ў ёй мае патрэбу.
У сакавіку бягучага года свой другі класны чын юрыста 2 класа атрымала памочнік пракурора Вера Віктараўна Ларкова, якая ўжо на другім годзе службы паказала сябе высокакваліфікаваным і пісьменным юрыстам, ніводзін факт парушэння законнасці не выслізгвае ад яе дапытлівага погляду і прынцыповай пракурорскай ацэнкі. Ажыццяўляючы нагляд за выкананнем заканадаўства суб'ектамі гаспадарання, законаў аб непаўналетніх і моладзі, яна актыўна прымае меры, накіраваныя на ўстараненне парушэнняў законаў і аднаўленне законных правоў і інтарэсаў грамадзян. Гэта энергічная і праніклівая супрацоўніца заўсёды ў цэнтры падзей – на вытворчасці, у працоўных калектывах, ва ўстановах адукацыі.
Апорай пракурорскага калектыву ў аператыўным вырашэнні пастаўленых задач, апрацоўцы дакументаў і функцыянаванні сістэм жыццезабеспячэння з'яўляюцца работнікі тэхнічнага забеспячэння – гэта загадчык канцылярыі Бабенкава Людміла Паўлаўна, вадзіцель пракуратуры Малахаў Сяргей Анатольевіч і кур'ер-прыбіральшчык службовых памяшканняў Кухта Святлана Васільеўна.
Асаблівыя словы падзякі калектыў пракуратуры адрасуе Чэславу Іванавічу Максімовічу, які шмат гадоў узначальваў калектывы Бешанковіцкай і іншых раённых пракуратур, з'яўляўся сапраўдным захавальнікам законнасці і лепшым прыкладам для некалькіх пакаленняў пракурорскіх работнікаў. Жадаем Чэславу Іванавічу і яго сям'і даўгалецця ў здароўі, аптымізму і дабрабыту.
Асобныя словы падзякі адрасуем былому вадзіцелю пракуратуры раёна Васілю Іванавічу Масько, які больш за 40 гадоў прысвяціў службе ў органах пракуратуры, сваім бездакорным стаўленнем да службы, цёплым стаўленнем да людзей здабыў глыбокую павагу і высокі аўтарытэт у калектыве.
У гэты святочны дзень пажадаем калегам моцнага здароўя, міру, дабра, шчасця, дастатку і сямейнага дабрабыту, а таксама прасоўвання па службе, новых плённых ідэй і поспехаў у іх рэалізацыі.
24.06.2016
Пракурор раёна
саветнік юстыцыі
А.С. Шклярэўскі