35-ы «Славянскі базар»: хто з бяшанковічаў выступіць на юбілейным фестывалі ў Віцебску
7 ліпеня 2026
35-ы «Славянскі базар»: хто з бяшанковічаў выступіць на юбілейным фестывалі ў Віцебску
Сёлета Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» адзначае свой 35-ы дзень нараджэння. Юбілейны форум пройдзе з 14 па 20 ліпеня і абяцае стаць па-сапраўднаму маштабнай падзеяй: арганізатары чакаюць больш за 7 тысяч удзельнікаў з 40 з лішнім краін свету. Фестываль, які нарадзіўся ў 1992 годзе як сімвал культурнага адзінства славянскіх народаў, за тры з паловай дзесяцігоддзі вырас у адзін з самых яркіх брэндаў Беларусі.
Напярэдадні юбілею ў Віцебску стартавала акцыя «35 падзей напярэдадні «Славянскага базару». На плошчы Свабоды ўсталявалі арт-аб'ект «Фестывальны каляндар. Зваротны адлік», старонкі якога кожны дзень перагортваюцца, адкрываючы летапіс фестывалю з 1992 года да нашых дзён. А ля ўваходу ў дырэкцыю фестывалю з'явіўся бронзавы Валошка з мікрафонам — сёмая міні-скульптура ў горадзе, якая, па задумцы стваральнікаў, стане сімвалам творчага чалавека.
Асаблівай увагі заслугоўвае абноўленая выставачная зала «Духоўскі кругляк» — васьмікутная вежа XIV стагоддзя, у якой пасля мадэрнізацыі працуюць пяць экспазіцыйных узроўняў. Тут размясцілася фотавыстава «Фестываль буйным планам», а таксама інтэрактыўная зона, дзе наведвальнікі могуць адчуць сябе археолагамі. У гэтай жа зале з 3 ліпеня працуе персанальная выстава майстра Бяшанковіцкага Дома рамёстваў Галіны Хоняк. Наш раён атрымаў магчымасць заявіць пра сябе на адной з галоўных фестывальных пляцовак Віцебска, і мы ўпэўненыя, што працы Галіны Хоняк знойдуць жывы водгук у гасцей і жыхароў абласнога цэнтра.
Актыўны ўдзел у праграме юбілейнага форуму возьмуць і іншыя прадстаўнікі Бешанковіцкага раёна. Ансамбль барабаншчыц і мажарэтак «Рытм» Бешанковіцкай дзіцячай школы мастацтваў прадэманструе свае таленты ў Міжнародным фестывалі-конкурсе барабаншчыц і мажарэтак. У канцэртнай праграме «Таленты – фестывалю» выступяць народныя ансамблі народнай песні «Весялуха» і «Ульяначка». 18 ліпеня на плошчы Свабоды пройдзе XIII турнір нацыянальных танцаў «Танчым разам», дзе раён прадставіць калектыў бытавога танца «Кружалі». У гэты ж дзень у парку адбудзецца конкурс прэзентацый брэндавых пляцовак рэгіёнаў Віцебшчыны, дзе Бешанковічы прадставяць пляцоўку «Бешанковіцкі раёк».
19 ліпеня на плошчы Свабоды адбудзецца адкрыты абласны конкурс народнай музыкі і прыпеўкі «А музыкі граюць, граюць…». Гонар раёна ў конкурсе прыпеўнікаў абароняць Ніна Чарап — салістка народнага фальклорнага калектыву «Крыніца» Бачэйкаўскага СДК, і Святлана Барадзюля — салістка Ульскага СДК. У конкурсе гармоністаў выступяць Васіль Крыцкі (Бачэйкаўскі СДК) і Валерый Гайко (Драздоўскі СК).
Майстры Дома рамёстваў возьмуць удзел у конкурсе «Віцебскія ўзоры», а таксама традыцыйна прадставяць свае працы на кірмашы рамёстваў «Горад Майстроў».
35-ы «Славянскі базар» абяцае стаць яркай старонкай у гісторыі фестывалю. І ў бешанковіцкіх культработнікаў ёсць усе магчымасці, каб унесці ў яе свой годны ўклад. Пажадаем нашым землякам удачы і новых творчых перамог!
"Зара"