42 пары з ліку найлепшых студэнтаў і навучэнцаў закружыліся на навагоднім балу ў Віцебску
18 снежня 2025
42 пары з ліку найлепшых студэнтаў і навучэнцаў закружыліся на навагоднім балу ў Віцебску
У межах навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» 42 пары з ліку найлепшых студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі вобласці, навучэнцаў Віцебскага і Полацкага кадэцкіх вучылішчаў, Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў, Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя І. Салярцінскага закружыліся ў рытмах паланезу, вальсу, паўночнай кадрылі на абласным навагоднім балу ў КЗ «Віцебск».
У гэтым годзе агульная канцэпцыя балу аб'яднана тэматыкай «Паўночнае ззянне», якая гарманічна спалучае ў сабе матывы славутасцяў Віцебшчыны і поспехаў моладзі. Прыгожым дадаткам да неверагодных вобразаў паслужылі бутаньеркі, вырабленыя Віцебскім дзяржаўным індустрыяльна-тэхналагічным каледжам.Навагодні настрой стварылі Дзед Мароз і Снягурка. Казачныя героі падрыхтавалі для дзяцей мноства займальных забаў і падарункаў.
Па добрай традыцыі павіншаваць юнакоў і дзяўчат са святам прыйшло кіраўніцтва вобласці.
Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў павіншаваў прысутных з надыходзячымі святамі і адзначыў, што падобныя мерапрыемствы з'яўляюцца важнай часткай фарміравання культурных традыцый і падтрымкі таленавітай моладзі рэгіёну.
— Гледзячы на вас, душу і сэрца перапаўняюць самыя цёплыя і светлыя эмоцыі, бо менавіта вам, таленавітым і працавітым, аказаны гонар удзельнічаць у абласным балу. Мы ганарымся вамі і рады, што праз свой творчы патэнцыял транслюеце любоў да Радзімы. Жадаю вам у Новым годзе дасягнуць пастаўленых мэт, не спыняцца на дасягнутым і працягваць радаваць нас сваімі поспехамі, – падкрэсліў Дзмітрый Дзямідаў.
Студэнтка ВДУ імя Пятра Машэрава Аляксандра Курзова ўпершыню бярэ ўдзел у навагоднім балю. Для дзяўчыны гэты дзень стаў хвалюючым і запомніцца на ўсё жыццё.
— Для мяне навагодні баль – машына часу. Адчуванне, быццам трапіла ў іншую эпоху – вытанчанасці і элегантнасці. Эстэтычнае задавальненне – цешыцца жывой музыкай, выконваць упадабаныя танцавальныя нумары і знаходзіцца ў чаканні навагодніх цудаў. Рыхтавацца да балю пачала ў кастрычніку. Шматлікія рэпетыцыі, выбар сукенкі, падбор аксесуараў – усё гэта было часткай займальнага працэсу пагружэння ў атмасферу свята. З нецярпеннем чакала моманту, калі змагу выйсці ў свет у сваім зіхатлівым вобразе. Гэты сапраўдны казачны вечар падарыў мора станоўчых эмоцый, вярнуў у цёплыя ўспаміны пра школьныя гады, калі я сама выходзіла на сцэну з класічнымі танцавальнымі нумарамі. Абласны навагодні баль – магчымасць дакрануцца да гісторыі, адчуць сябе часткай чагосьці асаблівага і чароўнага, што здараецца толькі аднойчы. Дзякую рэктару, кіраўніцтву ўніверсітэта і, вядома ж, майму факультэту за магчымасць прыняць удзел у такім маштабным і значным мерапрыемстве, – расказала Аляксандра Курзова.
Упершыню бярэ ўдзел у абласным навагоднім балю і студэнтка ВГАВМ Дар'я Скуман. Гэты вечар ажыццявіў даўнюю мару дзяўчыны: пабываць у сапраўднай казцы.
— Рада, што выпаў такі гонар – прыняць удзел у навагоднім балю. Атмасфера тут проста чароўная, нібыта пераносішся ў іншую рэчаіснасць, дзе пануюць грацыя і высакароднасць. Марыла апынуцца на такім мерапрыемстве, і сёння гэтая мара ажыццявілася. Адчуваю сябе сапраўднай прынцэсай. Дзякую сваім бацькам за тое, што заўсёды падтрымлівалі мяне. Іх вера накіроўвала да дасягнення пастаўленых мэт, і сёння адна з іх была дасягнута. Асобная падзяка арганізатарам за цудоўны вечар, – падзялілася ўражаннямі Дар'я Скуман.
Завяршальнымі акордамі мерапрыемства сталі абмен падарункамі і святочны феерверк.
vitebsk-region.gov.by