95 гадоў Пракуратуры Рэспублікі Беларусь
26 чэрвеня работнікі пракуратуры адзначаюць 95-годдзе з Дня ўтварэння пракуратуры Рэспублікі Беларусь.
Органам пракуратуры адведзена няпростая задача – нагляд за дакладным і аднастайным выкананнем нарматыўных актаў. Пад пільнай увагай пракурораў знаходзяцца пытанні захавання заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй, аб працы, аб распараджэнні і ахове ўласнасці, аб зямлі і прыродзе, аб абароне правоў дзяцей, аб прафілактыцы правапарушэнняў, а таксама законнасць у сферы крымінальнага, адміністрацыйнага і грамадзянскага працэсаў.
Важнасць пастаўленых задач вызначае ўзровень прафесійных і маральна-псіхалагічных якасцей тых людзей, якія прысвяцілі сябе службе ў органах пракуратуры.
У гэты святочны дзень словы асаблівай падзякі адрасуем ветэранам пракуратуры і перш за ўсё Чэславу Іванавічу Максімовічу, які больш за трыццаць гадоў аддаў пракурорскай прафесіі ў складзе калектываў Глыбоцкай і Докшыцкай, а таксама на чале Чашніцкай і Бешанковіцкай раённых пракуратур. Ён з'яўляецца сапраўдным захавальнікам законнасці, узорам непадкупнасці і справядлівасці, чым здабыў высокі аўтарытэт і глыбокую павагу некалькіх пакаленняў пракурорскіх работнікаў. Цяпер Чэслаў Іванавіч знаходзіцца на заслужаным адпачынку, у сувязі з чым калектыў пракуратуры раёна ад усёй душы жадае яму і яго блізкім доўгіх і шчаслівых гадоў у здароўі, аптымізму, бадзёрасці духу і сямейнага дабрабыту.
Больш за 40 гадоў прысвяціў службе ў органах пракуратуры былы вадзіцель - Васіль Іванавіч Масько, які сваёй працавітасцю, бездакорным стаўленнем да працы, дабрынёй і спагадлівасцю, уменнем прыйсці на дапамогу ў цяжкую хвіліну заслужыў павагу і ўдзячнасць не толькі калектыву пракуратуры, але і ўсіх, каму пашчасціла быць знаёмым з гэтым выдатным чалавекам. У дзень 95-годдзя пракуратуры пажадаем Васілю Іванавічу моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, міру, дабрабыту і дастатку яго сям'і.
Дзеючы калектыў пракуратуры Бешанковіцкага раёна ўяўляе сабой трывалы сплаў маладосці і вопыту.
Самы вопытны пракурорскі работнік у нашым калектыве – намеснік пракурора Ляшонак Эльвіра Іосіфаўна, малодшы саветнік юстыцыі, якая больш за два дзесяцігоддзі бездакорна служыць закону. Яе асноўная задача – падтрыманне дзяржаўнага абвінавачвання. Гэта прыярытэтны напрамак дзейнасці органаў пракуратуры. Для Ляшонак Э.І. не бывае простых спраў, бо за кожнай з іх – чалавечы лёс, чыёсьці гора, пацярпелы ад злачынства чалавек, які востра мае патрэбу ў дапамозе і падтрымцы дзяржавы. Яе поспехі ў нагляднай дзейнасці неаднаразова адзначаліся заахвочваннямі Генеральнага пракурора і пракурора Віцебскай вобласці. Эльвіра Іосіфаўна не толькі высокакваліфікаваны і педантычны юрыст, перш за ўсё яна абаяльная жанчына, выдатная маці, бездакорная жонка і сапраўдная захавальніца хатняга ачага. Яе невычэрпны аптымізм, вера ў дабро і справядлівасць дапамагаюць мабілізаваць сілы калектыву ў цяжкія хвіліны і дасягаць высокіх паказчыкаў у справе ўмацавання законнасці і правапарадку.
У бягучым годзе калектыў пракуратуры зведаў кадравыя змены: памочнік пракурора Лар'кова Вера Віктараўна, якая з першых дзён службы, не лічачыся з асабістым часам, самааддана працавала на пракурорскай ніве, была адзначана кіраўніцтвам пракуратуры Віцебскай вобласці за добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў і з 10 красавіка пераведзена на пасаду пракурора аддзела па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю. Калектыў пракуратуры раёна выказвае сваю ўдзячнасць і глыбокую павагу гэтай маладой і перспектыўнай супрацоўніцы, жадае ёй поспехаў у працы, невычэрпнай жыццёвай энергіі, веры ў сябе, утульнага хатняга ачага і сямейнага шчасця.
З 28 красавіка на пасаду памочніка пракурора раёна прызначана Патапенкава Кацярына Леанідаўна, якая, набыўшы вопыт пракурорскай службы ў іншых раёнах вобласці, вярнулася ажыццяўляць пракурорскі нагляд на родную Бешанковіцкую зямлю. У 2014 годзе пасля заканчэння юрфака Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта яна паступіла на службу ў органы пракуратуры Віцебскай вобласці на пасаду памочніка пракурора Сенненскага раёна, дзе адпрацавала 2 гады, затым працягнула службу памочнікам пракурора Талачынскага раёна. Ужо ў першыя дні працы на новай пасадзе Кацярына Леанідаўна дала зразумець, што нішто не выслізне ад яе юных і дапытлівых вачэй. Яна хутка ўнікла ў праблемы раёна. З улікам вопыту працы, прафесійных і дзелавых якасцей ёй быў даручаны адзін з найбольш адказных участкаў — нагляд за выкананнем заканадаўства прадпрыемствамі, установамі і арганізацыямі, у тым ліку ў сферы абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей. Кацярына Леанідаўна выдатна спраўляецца са сваімі абавязкамі, паказала сябе пісьменным, энергічным і добрасумленным работнікам. Пажадаем ёй поспехаў, прафесійнага росту, аптымізму і квітнеючай маладосці, а таксама здароўя і даўгалецця яе бацькам, якія выхавалі выдатную дачку.
Эфектыўная наглядная дзейнасць пракурораў немагчыма без людзей, на плячах якіх ляжыць нялёгкі груз тэхнічнага забеспячэння пракуратуры.
Без малога 30 гадоў загадвае канцылярыяй пракуратуры раёна Людміла Паўлаўна Бабенкава, працоўная дзейнасць якой у пракуратуры пачала свой адлік з 1989 года. Аператыўная і якасная апрацоўка службовых дакументаў, энергічнасць, прынцыповасць у сукупнасці з добразычлівасцю, адкрытасцю, добрасардэчным стаўленнем да людзей — гэта толькі нешматлікія якасці, якімі валодае Людміла Паўлаўна. А яшчэ яна выдатная маці, клапатлівая жонка і бабуля, якая душы не чуе ў маленькіх унуках.
Кухто Святлана Васільеўна пачала сваю працоўную дзейнасць у пракуратуры ў 1998 годзе ў якасці прыбіральшчыка службовых памяшканняў. Святлана Васільеўна сапраўды чалавек працы, любячая маці, якая выгадавала дзвюх дачок і дапамагае паставіць на ногі ўнукаў. Дзякуючы невычэрпнай жыццёвай энергіі, ёй удаецца не толькі стварыць утульнасць і камфортныя ўмовы ў службовых памяшканнях пракуратуры, але і лёгка спраўляцца са шматлікімі хатнімі абавязкамі, клапаціцца пра блізкіх людзей.
Малахаў Сяргей Анатольевіч з 2012 года працуе вадзіцелем службовага аўтамабіля пракуратуры раёна. Ён — прафесіянал у сваёй справе, яго бездакорны вадзіцельскі стаж налічвае больш за 30 гадоў. Акуратнасць, прыстойнасць, дасканалае валоданне аўтамабілем і падтрыманне яго ў ідэальным тэхнічным стане характарызуюць Сяргея Анатольевіча як спецыяліста з Вялікай літары. А яшчэ ён выдатны суразмоўца, вельмі мудры, прыветлівы і жыццярадасны чалавек.
Ад усёй душы жадаем работнікам, якія ажыццяўляюць тэхнічнае забеспячэнне дзейнасці пракуратуры, моцнага здароўя, міру ў доме і ў душы, шчасця, дабра, дабрабыту і дастатку.
У гэты святочны дзень нельга не ўспомніць пра ранейшых работнікаў пракуратуры, якія ўнеслі свой уклад ва ўмацаванне законнасці на тэрыторыі раёна, гэта: пракуроры Мінькоў Г.Л., Юхнавец М.К., Грабоўскі І.І., Зябко В.С., а таксама памочнікі пракурора Турчаноў М.П., Ціханенка В.А., Адамовіч В.А., Пацееў М.А., Чудоўскі А.В., следчыя Тураў В.М., Макараў С.В., Суханаў С.А., Шаранкоў С.А., загадчык канцылярыі Мініна В.Г., прыбіральшчык службовых памяшканняў Семянькова Л.М.
У сувязі з 95-годдзем пракуратуры Рэспублікі Беларусь калектыў пракуратуры раёна жадае калегам моцнага здароўя, міру, дабра, шчасця, дастатку і сямейнага дабрабыту, а таксама прасоўвання па службе, новых плённых ідэй і поспехаў у іх рэалізацыі.
Пракурор раёна
саветнік юстыцыі
А.С. Шклярэўскі