Акцыя «Маладзёны за бяспеку» стартавала на Бешанковіччыне
З 3 па 14 кастрычніка актывісты Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных разам з работнікамі МНС правядуць шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да дня стварэння свайго руху. Такім чынам ратавальнікі і іх юныя аднадумцы будуць папулярызаваць сваю дзейнасць.
Першы тыдзень акцыі пройдзе пад дэвізам «112 добрых спраў». Юныя ратавальнікі наведаюць домаўладанні тых, каму патрэбна дапамога ў нарыхтоўцы дроў, уборцы тэрыторыі альбо ўраджаю, устаноўцы аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка. У катэгорыю такіх людзей трапяць самотна пражываючыя пенсіянеры, інваліды, шматдзетныя сем'і.
Другі тыдзень акцыі будзе прысвечаны святочным мерапрыемствам – 14 кастрычніка адзначаецца дзень утварэння Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных. Канцэртныя праграмы, тэматычныя вечары-сустрэчы, баль юных ратавальнікаў, велапрабегі – месцы, у якіх сустрэнуцца актывісты арганізацыі, каб адсвяткаваць дзень нараджэння БМАГРП і расказаць пра свой рух тым, хто яшчэ не паспеў да іх далучыцца.
Юныя ратавальнікі нагадваюць: для таго, каб пазбегнуць трагедыі, выконвайце
элементарныя правілы пажарнай бяспекі. Пры пажары і іншых надзвычайных сітуацыях тэлефануйце па нумары 101 або 112. Ваша бяспека ў Вашых руках!