Акцыя «Збяром дзяцей у школу» працягваецца ў Бешанковіцкім раёне
Бешанковіцкая раённая арганізацыя ГА «Беларускі саюз жанчын» аказала дапамогу ў падрыхтоўцы да школы шматдзетнай сям'і Шулякевічаў з Бочакава.
«У сям'і бацька выхоўвае чацвярых дзяцей, — кажа старшыня арганізацыі Наталля Апанасёнак. — Самы малодшы, Ягор, пайшоў у першы клас. Няхай у іх усё складзецца добра і шчасліва!»
БСЖ актыўна займаецца дабрачыннай дзейнасцю, праводзячы розныя акцыі і праекты, накіраваныя на дапамогу жанчынам, сем'ям і дзецям, абарону іх правоў, а таксама падтрымку сацыяльна значных ініцыятыў. Арганізацыя праводзіць донарскія акцыі, дапамагае сабраць дзяцей у школу, арганізуе святочныя мерапрыемствы і падтрымлівае тых, хто мае патрэбу.
Святлана ВАРАШКО.
***
Сем'і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, з надыходзячым новым навучальным годам павіншавалі работнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў у аграгарадку Ула ТЦСАН Бешанковіцкага раёна і валанцёры «сярэбранага» ўзросту.
Мерапрыемства прайшло ў рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Збяром дзяцей у школу», якая штогод праводзіцца Беларускім Чырвоным Крыжам, стала сапраўдным святам дабра і міласэрнасці, што аб'яднала ў краіне тысячы сэрцаў у імкненні дапамагчы тым, хто ў гэтым асабліва мае патрэбу.
«У якасці падарункаў, — паведаміла загадчыца аддзялення Наталля Булыня, — дзецям перададзены неабходныя канцылярскія тавары і школьныя прыналежнасці. Сустрэча пакінула як у дзяцей, так і ў дарослых шмат станоўчых эмоцый і яркіх уражанняў, а акцыя паказала, што сумеснымі намаганнямі мы можам падарыць дзецям радасць, зрабіць пачатак новага навучальнага года святам для любога дзіцяці».
Ларыса ПАЎЛОЎСКАЯ.