Беларусь разгледзіць магчымасць удзелу ў будаўніцтве жылля ў Бранскай вобласці
Беларусь разгледзіць магчымасць удзелу ў будаўніцтве жылля і аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры ў Бранскай вобласці. Пра гэта ішла размова на сустрэчы міністра архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Анатоля Чорнага і губернатара Бранскай вобласці Расіі Аляксандра Багамаза, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе міністэрства.
На сустрэчы ў Бранску бакі абмеркавалі перспектыўныя напрамкі для развіцця супрацоўніцтва, сярод іх пастаўкі беларускіх будматэрыялаў, будаўніцтва мастоў, жылля і аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры (школ, дзіцячых садкоў, бальніц і паліклінік). Ішла размова таксама аб стварэнні ўніверсальнага асяроддзя пры ўзвядзенні жылых кварталаў. Удалым было названа будаўніцтва ў Гомелі жылога дома з убудаваным дзіцячым садам.
Падводзячы вынікі перамоваў, Анатоль Чорны адзначыў: "Разгледзім магчымасць удзелу ў найбліжэйшых тэндарах. Абмеркавалі ўзвядзенне аб'ектаў сацкультбыту. Ёсць федэральная, абласная праграмы па будаўніцтве жылля, дзіцячых садкоў з магчымасцю ўдзелу ў таргах беларускіх будаўнікоў на агульных падставах". Ён таксама падкрэсліў, што расійскія рэгіёны, у тым ліку Бранская вобласць, застаюцца для будаўнічай галіны Беларусі стратэгічнымі партнёрамі.
"Мы ўжо пераканаліся ў сумленнасці беларускіх будаўнікоў і ў высокай якасці іх працы. З задавальненнем папрацуем з вамі яшчэ", - адзначыў Аляксандр Багамаз.
У 2017 годзе беларускія будаўнічыя арганізацыі паставілі ў Бранскую вобласць прадукцыі на суму $160,4 млн, што на 27,6% больш, чым у 2016-м. У аснове экспарту - абсталяванне і запчасткі, сценавыя матэрыялы, будаўнічыя металаканструкцыі, матэрыялы будаўнічыя нерудныя, канструкцыі і дэталі зборныя жалезабетонныя, цэмент, мінеральная вата і вырабы з яе і г.д.