Бешанковічы. Моладзь умее дапамагаць!

У рамках рэспубліканскай акцыі "Моладзь за бяспеку" актывісты Беларускай маладзёжнай арганізацыі ратавальнікаў пажарных па ўсёй краіне актыўна аказваюць дапамогу грамадзянам залатога ўзросту.
Моладзь Бешанковіцкага раёна таксама прымае актыўны ўдзел у правядзенні акцыі. Калка дроў, прывоз вады з крыніцы, дапамога ва ўборцы вінаграду і спілаванні дрэў. Гэта далёка не поўны пералік работ, якія актывісты беларускай маладзёжнай арганізацыі ратавальнікаў пажарных праводзяць па просьбах грамадзян сталага ўзросту. Ёсць і незвычайныя просьбы, напрыклад, перанесці халадзільнік з пакоя ў кухню ці паправіць плот. Здавалася б – дробязі, аднак нават такія пытанні ўжо дастаўляюць шмат праблем пенсіянерам, у якіх няма паблізу маладых памочнікаў.
Часцяком пенсіянеры дзякуюць за такую дапамогу са слязамі на вачах, прапануюць выпіць гарбаты, дзеляцца гісторыямі з жыцця і паказваюць выцвілыя фатаграфіі ўласнай маладосці. У такія моманты пачынаеш разумець, наколькі недаўгавечнае і далікатнае наша жыццё, і што ўжо магчыма хутка дапамога спатрэбіцца і нашым бацькам, і нам самім, – адзначаюць хлопцы і дзяўчаты.