Бешанковічы ўшанавалі памяць герояў у велапрабегу «Па мясцінах баявой славы»
Напярэдадні 9 Мая ў райцэнтры неабыякавыя, спартыўныя і актыўныя бяшанковічы арганізавалі велапрабег «Па мясцінах баявой славы», прысвечаны 80-годдзю Вялікай Перамогі.
Мерапрыемства аб'яднала прадстаўнікоў розных пакаленняў: былі тут актывісты саюза моладзі, юныя і дарослыя землякі. Разам ушанаваць памяць герояў, аддаць даніну павагі іх подзвігу, воінскаму і працоўнаму, сабралася больш за тры дзясяткі ўдзельнікаў.
Старт велапрабегу адбыўся ля раённага гісторыка-краязнаўчага музея а 10 гадзіне. Маршрут руху — памятныя мясціны пасёлка, помнікі воінскай славы.
Свой шлях памяці нашы веласіпедысты пачалі ад Алеі Герояў Савецкага Саюза, ураджэнцаў раёна. Да ад'езду паўдзельнічалі ў акцыі саюза моладзі «Роднае — народнае!», павязалі на запясці чырвона-зялёныя стужкі. Землякі наведалі помнік камсамольцам і моладзі, затым адправіліся на вул. Валадарскага, дзе знаходзіцца брацкая магіла савецкіх ваеннапалонных і мірных жыхароў, закатаваных у гады Вялікай Айчыннай вайны. Праехалі па вул. Ткачэнкі і Віцебскім шашы да Бешанковіцкага лясніцтва, хвілінай маўчання ля брацкай магілы і помніка землякам, якія загінулі ў ваенны час работнікам лясгаса, ушанавалі ўсіх ахвяр вайны. Не змаглі не зазірнуць на вул. Мічурына, дзе размяшчаецца брацкая магіла мірных жыхароў, расстраляных гітлераўцамі. Наступны прыпынак — Алея Славы (з'явілася ў 1985-м да 40-годдзя Перамогі) і Курган Славы (закладзены ў 1966 годзе), што на вул. Камуністычнай. Тут успомнілі імёны 25 Герояў Савецкага Саюза, пахаваных на тэрыторыі раёна.
Леглі кветкі да падножжа абеліска і на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан, што на вул. Інтэрнацыянальнай. Канечная кропка маршруту — вяртанне да Алеі Герояў.
Як пасля падзяліліся меркаваннем землякі, кожны атрымаў масу незабыўных эмоцый, што недзіўна: «Памяць — гэта святое, яе неабходна перадаваць новым пакаленням. Жыві і памятай, дзякуючы каму ты жывы, ганарыся мужнасцю бацькоў, дзядоў і прадзедаў, іх самаадданасцю. Будзь іх годны».