Бешанковічы. 101 пытанне ратавальніку!

Рэспубліканская інфармацыйна-прапагандысцкая кампанія «Маладзёны за бяспеку!» традыцыйна прымеркавана да Дня нараджэння Беларускай маладзёжнай арганізацыі ратавальнікаў пажарных. У рамках кампаніі актывісты БМААРП аказваюць дапамогу састарэлым грамадзянам, актыўна распавядаюць аб дзейнасці арганізацыі, праводзяць тэматычныя сустрэчы, балы і дыскатэкі, велапрабегі, спартыўныя святы і, вядома, прымаюць у свае шэрагі новых членаў.
На мінулым тыдні ў рамках акцыі навучэнцам Ружанскай базавай школы ім. М. Гелавані Бешанковіцкага раёна прадставілася ўнікальная магчымасць задаць пытанне намесніку начальніка Бешанковіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксею Голубу. Дыялогавая пляцоўка «101 пытанне ратавальніку» – гэта магчымасць пагаварыць на роўных. Тэма загадзя не вызначалася, таму спектр пытанняў быў максімальна шырокім – ад «Як стаць ратавальнікам?» да «Чаму гарыць агонь?». Да прыкладу, для дзяцей было дастаткова нечакана даведацца, што баявое адзенне ратавальніка і шлем ратавальніка вырабляюць у нашай краіне. Дзеці былі ўпэўнены, што такую сучасную экіпіроўку ратавальнікі закупляюць за мяжой. Цікавіліся таксама пытаннямі паступлення ў навучальныя ўстановы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, умовамі побыту курсантаў і складанасцю навучання. Гаварылі і пра тое, як ратавальнікі знаходзяць згубленых у лесе, і пра сувязь на пажары, і пра тэхнічныя характарыстыкі пажарных аўтамабіляў.
Асабліва спадабаўся дзецям фармат правядзення мерапрыемства. Дзеючыя актывісты БМААРП у выпадковым парадку выбіралі навучэнца, надзявалі яму на галаву шлем ратавальніка і толькі пасля гэтага выбраны мог задаць сваё пытанне. З цягам часу пытанні станавіліся ўсё больш вытанчанымі і складанымі, і 45 хвілін акадэмічнага часу праляцелі незаўважна.
Напрыканцы мерапрыемства ратавальнік расказаў аб тым, што зусім хутка пачнецца падпісная кампанія на часопіс «Малады ратавальнік», са старонак якога можна даведацца яшчэ больш аб бяспецы жыццядзейнасці і ніколі не трапіць у надзвычайную сітуацыю.