Бешанковічы. Лёд памылак не даруе
Пачатак студзеня – самы разгар зімы, як кажуць, сапраўднае раздолле для аматараў і знатакоў падлёднай рыбалкі. Напэўна, кожны з нас назіраў такую карціну: не паспеў як след, на азёрах і рэках адужэць лёд, а рыбакоў на вадаёмах не злічыць.
На жаль, у апошнія гады зімы нас не радуюць пастаянствам. Кароткачасовыя маразы змяняюцца плюсавай тэмпературай, і наадварот, таму не заўсёды бяспечна выходзіць на лёд. Каб папярэдзіць няшчасныя выпадкі, асабліва ў дачыненні да аматараў зімовай рыбалкі, ратавальнікі і прадстаўнікі службы выратавання на водах пастаянна арганізуюць прафілактычныя рэйды.
Будзённы дзень, на гадзінніку каля 12 гадзін. Старшыня раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах Сулейман Садыкаў, інспектар прапаганды раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дар'я Берастень і малодшы ўчастковы інспектар міліцыі Раман Кудрашоў у першую чаргу вырашылі праверыць самыя наведвальныя месцы рыбакоў: азёры ў аграгарадку Сакарова, месцы адпачынку на рацэ Заходняя Дзвіна. Падышоўшы да мужчын, якія лавілі рыбу ля берага, удзельнікі рэйду запрасілі іх для прафілактычнай гутаркі.
- У вас ёсць з сабой выратавальны камізэлька? – пацікавіўся Сулейман Садыкавіч.
- Не, навошта ён мне. Я ж ля берагалаўлю, ды і лёд тут будзе дзесьці 18 сантыметраў.
Аргумент пераканаўчы, але ж для бяды шмат не трэба. Усё ж лепш лішні раз перастрахавацца…
- У наступны раз не забудзьцеся ўзяць з сабой камізэлька, перш чым ісці на вадаём, пацікаўцеся таўшчынёй лёду. Памятайце, трывалы лёд мае блакітны колер, і яго таўшчыня складае не менш за 7 сантыметраў. Калі ж колер мае адценні шэрага, матава-белага - на лёдступаць небяспечна, - парэкамендаваў старшыня раённай арганізацыі ОСВОД С. С. Садыкаў.
Карыстаючыся нагодай, работнік МНС уручыла мужчынам карысныя памяткі аб выкананні бяспекі на тонкім лёдзе.
Далей уся рэйдавая група адправілася ва Улльскі ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці імя Л. М. Даватара, дзе правялі прафілактычную гутарку з навучэнцамі. Сулейман Садыкавіч у чарговы раз нагадаў навучэнцам аб тым, якім падступным можа быць тонкі лёд і якіх мер бяспекі трэба прытрымлівацца, адпраўляючыся на зімовую рыбалку. У сваю чаргу інспектар РАНС нагадала дзецям правілы пажарнай бяспекі.
Беражыце сябе і памятайце - няма нічога даражэйшага за жыццё, будзьце ўважлівыя ў выкананні асноўных і найпрасцейшых правілаў бяспекі на лёдзе.