Бешанковічы. Навучанне бяспецы

Лета – самая доўгачаканая пара для ўсіх без выключэння. Асабліва цешацца летняй парой школьнікі, бо лета – бесклапотная пара, няма сумных заданняў на дом і доўгіх урокаў. Для дарослых жа многае наадварот: неабходна не толькі навучыць дзяцей правілам бяспекі, але і пераканацца, што дзеці не пачнуць гуляць у небяспечныя гульні.
З мэтай папярэджання ўзнікнення пажараў па прычыне дзіцячага свавольства з агнём, гібелі і траўматызму дзяцей, а таксама правядзення навучання падрастаючага пакалення ратавальнікі праводзяць акцыю «Вакацыі без дыму і агню».
На гэты раз ратавальнікі адправіліся ў прышкольныя лагеры Ржаўскай і Каранеўскай базавых школ Бешанковіцкага раёна. Аднак візіт ратавальнікаў – гэта не толькі карысныя веды, але і свята для дзяцей, бо ад ратавальнікаў чакаць манатонных лекцый не даводзіцца: кожны раз яны прыдумляюць нешта новенькае, навучаюць бяспечным паводзінам праз гульню. Сёння дзеці падчас эстафет не толькі спаборнічалі ў хуткасці, сіле і цягавітасці, але паказвалі свае веды, трэніраваліся выклікаць ратавальнікаў, а таксама вывучалі правілы паводзін у розных сітуацыях.
Прыемным бонусам для дзяцей стала магчымасць азнаёміцца з сапраўдным пажарным аўтамабілем, а таксама «патушыць пажар». Кожнаму работнікі МНС пакінулі карысную памятку па бяспецы жыццядзейнасці.