Бешанковічы. Навучанне школьнікаў можа быць вясёлым

Гульня «Дзе логіка?», якая ўжо стала папулярнай на адным з тэлеканалаў, гульцамі якой з'яўляюцца вядомыя асобы, упэўнена ўвайшла ў навучальныя ўстановы нашай краіны. Свае веды і логіку правяраюць і навучэнцы выпускных класаў Бешанковіцкага раёна. Прычым прапанаваныя групы карцінак аб'ядноўвае тэма бяспекі.

Інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцюй Бярэсцень Дар'я Бешанковіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях уцягнула навучэнцаў Ржаўскай базавай школы ў правядзенне рэспубліканскай акцыі «Бяспека − у кожны дом!» з дапамогай гульні «Дзе логіка?».

Адзіную рэмарку ўнеслі ратавальнікі: групы карцінак і слова-карцінку, якую яны адгадвалі, датычыліся бяспекі. Без усялякіх цяжкасцей усе прапанаваныя рэбусы гульні былі разгаданы. Дзякуючы розным загаданым правілам дзеці не толькі праверылі сваю здольнасць хутка думаць лагічна, але і яшчэ раз успомнілі розныя правілы бяспекі.

З дапамогай лёгкага і пазітыўнага інтэрактыву атрымалася не толькі плённа правесці час, але і паўтарыць асновы бяспекі.