Бясплатны сыр у пастцы

11 красавіка 2017 года ўступіў у законную сілу прыгавор суда Бешанковіцкага раёна ад 20.01.2017 у дачыненні да асуджаных работнікаў Бешанковіцкага РАЙПА: Яцук, Акуневіч, Галай, Шлык, Дабравольскай.

На працягу доўгага часу праводзіліся праверкі, вырашалася пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы, амаль 6 месяцаў доўжылася следства па справе, скрупулёзна і старанна ўстанаўліваліся падзеі, якія сталі фатальнымі для абвінавачаных.

Не задумваліся матэрыяльна адказныя асобы аб тым, што ўсё таемнае становіцца яўным, што сваімі дзеяннямі яны ганьбяць сябе, свае сем'і і што за зробленае іх чакае суровая расплата.

Разгледзеўшы крымінальную справу, суд прыйшоў да высновы аб вінаватасці Яцук, Акуневіч, Галай у прысваенні і растраце маёмасці асобай, якой яно даверана, здзейсненыя групай асоб па папярэдняй змове, у асабліва буйным памеры, Шлык у прысваенні і растраце маёмасці асобай, якой яно даверана, здзейсненыя групай асоб па папярэдняй змове, у буйным памеры, Дабравольскай у прысваенні і растраце маёмасці асобай, якой яно даверана, здзейсненых групай асоб па папярэдняй змове, у асабліва буйным памеры, а таксама ў прысваенні і растраце маёмасці асобай, якой яно даверана, здзейсненае паўторна.

У судовым пасяджэнні было ўстаноўлена, што, што ў перыяд з 11.11.2013 па 09.02.2016 Яцук, з'яўлялася прадаўцом з выкананнем абавязкаў загадчыцы міні-магазіна «На Маладзёжнай» Бешанковіцкага РАЙПА. У названы перыяд пастаянна ў брыгадзе працавалі: Галай і Акуневіч. У перыяд з 06.11.2013 па 03.11.2014 у брыгадзе працавала Дабравольская, а ў перыяд з 23.03.2015 па 10.11.2015 Шлык. Працавалі па зменах, тавар атрымлівалі і прадавалі ўсе, выкладка тавару ў магазіне была закрытай, на зале былі толькі два халадзільнікі з півам і рыбай. Улік пратэрмінаванага або сапсаванага тавару не вялі, ён альбо выкідваўся, альбо забіраўся прадаўцамі сабе. Разам з тым і Яцук, і ўсе прадаўцы бралі тавар з магазіна сабе без аплаты, вялі ўлік даўгоў у сшытку, маючы намер вярнуць доўг у наступным.

Рэвізіі ў магазіне праходзілі 3, 4 разы на год. Калі будзе праходзіць рэвізія, ведалі. Да рэвізіі заўсёды брыгада рыхтавалася: рабілі пераўлік рэшткаў тавараў самі напярэдадні рэвізіі. Кожны раз выяўляліся недахопы, якія спрабавалі схаваць шляхам завозу тавараў з іншых магазінаў. Калегі не адмаўлялі ў гэтым. Тавар пасля рэвізіі вяртаўся ў магазіны.

Браўся тавар на рэалізацыю ў знаёмага прадпрымальніка, разлік з якім праводзіўся пасля рэвізіі з касы магазіна.

Частку недахопу гасілі грашыма прадаўцы, а пасля рэвізіі забіралі гэтыя грошы, каб вярнуць даўгі, а калі бралі крэдыт, то грошы заставаліся ў касе. Толькі ў жніўні 2015 года рэвізія выявіла недахоп у суме 19 мільёнаў рублёў, якую пагасілі разам. Недахоп рос з кожнай рэвізіяй.

Як устаноўлена ў судовым пасяджэнні, такая сітуацыя склалася з прыходам у брыгаду Дабравольскай. Пры ёй сталі браць тавар без аплаты, у ходзе 2 рэвізій, недахоп схавалі. Пры сыходзе Дабравольскай яе доўг магазіну склаў 20 мільёнаў рублёў. Ён не быў вернуты. Агульны доўг Дабравольскай, з улікам кошту тавару, які ёй быў дадзены перад рэвізіяй у магазін «Прадукты», каб перакрыць недахоп, склаў 25 млн. рублёў. Тавар далі на перыяд рэвізіі, але аказалася, што ў яе была перадача магазіна, і тавар пасля перадачы застаўся ў магазіне «Прадукты», а грошы Дабравольская вяртаць адмовілася.

Калі ў брыгаду прыйшла Шлык, доўг прадаўцоў складаў 75 млн. рублёў і ва ўсіх ён быў прыкладна аднолькавы. Шлык прыйшла ў брыгаду і адразу была праінфармавана аб існуючай сітуацыі, «умовы гульні» прыняла. Пры сыходзе з брыгады, яе доўг складаў 35 млн. рублёў. Абяцала вярнуць грошы потым, але доўг вернуты не быў.

Нястачу ў 300 млн. рублёў (без уліку дэнамінацыі) хаваць было немагчыма і таму вырашылі паставіць у вядомасць аб гэтым праўленне РАЙПА. Была праведзена ў магазіне рэвізія без прыняцця мер па ўтойванні нястачы, і яна склала 300 мільёнаў рублёў. У гэтую суму ўваходзілі даўгі прадаўцоў, а таксама доўг насельніцтва 20 млн. рублёў. Прадаўцы адпускалі тавары насельніцтву ў доўг, сумы фіксаваліся ў сшытку.

Тавар давалі ў доўг, і гэта не з'яўлялася таямніцай і, у выпадку безграшоўя, народ ішоў у гэты магазін. Даўгі, як правіла, вярталіся, але вось 20 мільёнаў завісла. Уражвае сума доўгу аднаго з пакупнікоў у 7 млн. рублёў, які не быў вернуты і ў ходзе разгляду крымінальнай справы ў судзе. Тавар у доўг давалі без разбору ўсім, хто звярнуўся, нават малазнаёмым людзям. Бралі з касы грошы на свае патрэбы, без ведама членаў брыгады, тавар бралі сабе без узважвання, не надавалася належнай увагі рэалізацыі хуткапсавальных прадуктаў.

Абвінавачаныя вінаватасць у здзяйсненні злачынстваў прызналі часткова, шмат у чым вінавацілі наймальніка, але іх віна ў судзе была даказана ў поўным аб'ёме прад'яўленага абвінавачвання і ўсе яны панеслі пакаранне з улікам адсутнасці абцяжваючых і наяўнасці змякчальных адказнасць абставінаў.

Яцук, Акуневіч (Галыня), Галай А.М., Шлык А.В., здзейснены цяжкія злачынствы, Дабравольскай Т.В. цяжкае і менш цяжкае злачынства. Усе абвінавачаныя прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці ўпершыню. Абцяжарваючых іх адказнасць абставінаў не маецца. Змякчальнымі адказнасць абставінамі Яцук., Акуневіч, Галай, Шлык прызнана актыўнае садзейнічанне выяўленню злачынства, выкрыццю іншых удзельнікаў злачынства; усіх абвінавачаных прыняцце мер па кампенсацыі прычыненай злачынствам шкоды; Яцук, Акуневіч (Галыня), Шлык, Дабравольскай наяўнасць на ўтрыманні непаўналетніх дзяцей.

Яцук у адпаведнасці з ч.4 арт. 211 КК асуджана да 5 гадоў пазбаўлення волі, Акуневіч, Галай да 3 гадоў 6 месяцаў пазбаўлення волі, Шлык у адпаведнасці з ч.3 арт. 211 КК да 2 гадоў 6 месяцаў пазбаўлення волі, Дабравольская ў адпаведнасці з ч.3 арт. 211, ч. 2 арт. 211 КК да 3 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. У дачыненні да ўсіх асуджаных прыменена канфіскацыя маёмасці і пазбаўленне права займаць пасады, звязаныя з прыёмам, захоўваннем, улікам і адпускам матэрыяльных каштоўнасцей тэрмінам на 5 гадоў.

Пракурорам раёна ў інтарэсах Бешанковіцкага РАЙПА прад'яўлены іск аб спагнанні шкоды, прычыненай злачынствам, які будзе разгледжаны судом у грамадзянскім судаводстве.

Мышалоўка захлопнулася і ў асуджаных будзе час падумаць, ці вартая была гульня, якую яны зацеялі, свечак. Будуць сталець без маці дзеці, пакутаваць бацькі, самі выйдуць на свабоду і працяглы час будуць абавязаны ў салідарным парадку вяртаць доўг Бешанковіцкаму РАЙПА. Хочацца верыць, што з сітуацыі, якая склалася, зробяць выснову ўсе работнікі гандлю Бешанковіцкага раёна, а Бешанковіцкім РАЙПА будуць прыняты меры па папярэджанні прысваення і растраты прадаўцамі даверанай ім маёмасці.

Намеснік пракурора
Бешанковіцкага раёна
малодшы саветнік юстыцыі Э.І.Лешанок