«Бяспечная раніца» ў аздараўленчым лагеры «Арляня». Бешанковічы

Сённяшняе раніца для выхаванцаў дзіцячага аздараўленчага лагера «Арляня» выдалася незвычайнай: пачалася яна са збору па трывозе! А ўсё таму, што з мэтай падрыхтоўкі да дзеянняў падчас надзвычайнай сітуацыі і адпрацоўкі плана эвакуацыі работнікі МНС сумесна з персаналам лагера праверылі, як дзеці будуць паводзіць сябе падчас пажару, а пасля паспяховай эвакуацыі ратавальнікі правялі экскурсію па пажарным аўтамабілі, які таксама прыбыў да месца ўмоўнай НС.

Аднак на гэтым «Бяспечная раніца» не скончылася, і пасля сняданку ўсе дзеці з задавальненнем прынялі ўдзел у квест-гульні «Шыфр 112». Квест – гэта выдатны спосаб на практыцы адпрацаваць дзеянні ў надзвычайных, нештатных сітуацыях як сярод школьнікаў, так і сярод педагогаў. Гульня спрыяе прафесійнай арыентацыі дзяцей, папулярызацыі прафесій пажарнага і ратавальніка. Рухаючыся ад адной гульнявой лакацыі да наступнай, школьнікі пераадольвалі маршрут згодна з навігацыйнымі лістамі, выдадзенымі камандам на старце. Лакацыі гульні былі складаныя і разнастайныя: «Лясная», «Бяспечная», «Спартыўная», «Экіпіровачная», «Гістарычная», «Водная» і апошняя – «Гульнявая». Усе заданні дзеці выконвалі з цікавасцю, актыўна хварэлі за сваіх таварышаў. Дарэчы, настаўнікі таксама не засталіся ўбаку. У ходзе гульні дзеці паказалі добрыя тэарэтычныя і практычныя веды ў галіне бяспекі. Пасля завяршэння спаборніцтваў было арганізавана падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў.