Будзьце асцярожныя на водах!
З наступленнем устойлівага летняга надвор'я і дарослыя, і дзеці імкнуцца як мага больш часу правесці, адпачываючы ля вадаёмаў. Каб адпачынак не быў азмрочаны, варта памятаць і выконваць простыя правілы бяспечных паводзін.
Карыстацца вадой варта толькі ў спецыяльна абсталяваных месцах – пляжах рэк і азёр.
Падчас адпачынку ля вады катэгарычна забараняецца:
– заплываць за буі, агароджы і папераджальныя знакі;
– скакаць у ваду з дамбаў, прыстаняў, катэраў, лодак;
– купацца і ныраць у месцах, дно якіх вам невядома;
– узбірацца на буі і іншыя тэхнічныя збудаванні;
– падаваць ілжывыя сігналы бедства;
– плаваць на лодках і катамаранах без выратавальных сродкаў;
– купацца ў стане алкагольнага ап'янення.
Калі падчас плавання ў вас узнікла сутарга, трэба неадкладна выйсці з вады. Калі няма такой магчымасці, неабходна змяніць стыль плавання – плыць на спіне і па магчымасці паклікаць на дапамогу.
Дарослым, якія прыйшлі на адпачынак з дзецьмі, варта пастаянна кантраляваць знаходжанне свайго дзіцяці ў непасрэднай блізкасці з ім – на адлегласці выцягнутай рукі.
На тэрыторыі Бешанковіцкага раёна афіцыйна дазволеным месцам для купання з'яўляецца зона адпачынку «Чыстыя сажалкі». Тут арганізавана купанне пад наглядам ратавальнікаў АСВОД, праверана і ачышчана дно акваторыі пляжу. Таксама ў раёне ёсць прыватны пляж на возеры Пушкары. Тут адпачынак ля вады таксама максімальна бяспечны. Ратавальнікі і відэакамеры пільна за гэтым сочаць.
Аднак, як адзначаюць ратавальнікі і работнікі міліцыі, грамадзяне часта выбіраюць для адпачынку найбліжэйшы да іх дома
вадаём, а таксама дазваляюць сабе купанне ў нецвярозым стане. Менавіта такія вадаёмы і трапілі ў поле зроку ўдзельнікаў рэйдаў у мінулыя выхадныя. Як вынік – 6 адміністрацыйных пратаколаў за парушэнне адміністрацыйнага заканадаўства, у тым ліку і за знаходжанне ля вады, у грамадскім месцы - у нецвярозым стане.
Выратавальнікі заклікаюць усіх грамадзян быць максімальна ўважлівымі ля вады, не купацца ў нецвярозым стане і ў неабарудаваных месцах і ні ў якім разе не пакідаць дзяцей ля вады без нагляду!