Прыёмная райвыканкама
Адно акно
Звароты грамадзян і юрыдычных асоб
Прамая тэлефонная лінія
Афіцыйныя дакументы
Адзіны дзень інфармавання
Аукцыёны
Віншаванні кіраўніцтва раёна
30.09.2021
Штогод восень правярае вясковых працаўнікоў на ўменне супрацьпаставіць капрызам надвор’я сваё прафесійнае майстэрства, аператыўнасць, сталасць, забяспечыць правядзенне ўсіх відаў работ у комплексе, захоўваючы тэхналогію.
Сёлетні год — не выключэнне. Аднак пасяўная кампанія ідзе надзвычай складана. Шэраг праліўных вераснёўскіх дажджоў на пэўны час прыпыніў палявыя работы, зараз яны актывізаваліся. Надвор’е надвор’ем, ды спадзявацца трэба толькі на сябе. Што аграрыі ў большасці сваёй і робяць.
Па дадзеных на 30 верасня, у гаспадарках раёна пасеялі 52% азімых, ці 5555 га. Рупліўцы СУП «Свіціна-ВМК», напрыклад, справіліся з заданнем на 54,5% (заправілі збожжам 545 га з 1000 па плане). Пшаніца гатунку «Элегія» першай рэпрадукцыі ўжо заняла плошчу 156 га, трыцікале — 389 га. Сяўба даручана самым вопытным, лепшым з лепшых. Галоўны свіцінскі сейбіт —Юрый Аляксеевіч Любачка. Падвозіць насенне — Мікалай Віктаравіч Шут, падрыхтоўкай глебы займаюцца Юрый Рыгоравіч Галай, Аляксандр Аляксандравіч Воранаў, Віктар Мікалаевіч Дарожка, Дзяніс Пятровіч Шлык.
— На кожнага з іх заўсёды можна спадзявацца, даручаць любую справу і быць упэўненым у тым, што механізатары ўсё зробяць хутка і якасна,— не раз падчас нашай размовы падкрэслівала дырэктар гаспадаркі Л. П. Мамойка.— Людзі ведаюць усе палеткі, кожны куток раллі, бо не адзін дзясятак гадоў шчыруюць у сельгасарганізацыі.
Надвор’е прыспешвае, а жыццё віруе. Працоўны дзень механізатараў пачынаецца з агляду і рамонту тэхнікі, затым — запраўка, а ў сем гадзін спяшаюцца на поле бою, дзе шчыруюць да цямна (з двума перапынкамі на абед). Аграрыям пастаўлена задача — у максімальна сціслыя тэрміны завяршыць сяўбу азімых культур. І яны справяцца. Галоўнае зараз — каб тэхніка і ўласнае здароўе не падвялі.
"Зара"