Дэлегацыя Бешанковіцкага раёна прымала ўдзел у маштабным святкаванні 20-годдзя «БРСМ».

Будучыня за маладымі, актыўнымі, крэатыўнымі, неабыякавымі… Менавіта такія маладыя людзі «БРСМ», спагадлівыя і ўсебакова развітыя, яны прымаюць удзел у розных мерапрыемствах, робячы карысныя справы для грамадства і нашай краіны.

Святкаваць 20-ты дзень нараджэння ГА «БРСМ» было вырашана маштабна. Мерапрыемствы да дня нараджэння грамадскага аб'яднання пачаліся задоўга да святочнай даты. Чаго толькі не было на працягу дэкады — адкрытыя дыялогі, дзе абмяркоўваліся найбольш важныя для моладзі пытанні, сустрэчы са школьнікамі на тэму «БРСМ: Учора. Сёння. Заўтра», тэматычныя акцыі, віктарыны і відэавіншаванні, конкурсы… Словам, дні нараджэння прайшлі весела і карысна.

Бешанковіцкія актывісты саюза моладзі аказалі дапамогу шматдзетным сем'ям (у падрыхтоўцы дзяцей да школы, набыцці канцылярскіх прылад), адзінокім і пажылым людзям. Жыхарцы аг. Ржаўка, напрыклад, дапамаглі сабраць яблыкі на яе прысядзібным участку, якія пазней перадалі ў віцебскі заапарк.

Дэлегацыя нашага раёна паўдзельнічала таксама ва ўрачыстым мерапрыемстве ў Мінскім гарадскім палацы культуры, удзельнікі сустрэчы пазнаёміліся з гісторыяй развіцця маладзёжнага руху. На тэрыторыі Лошыцкага парку гасцей чакалі інтэрактыўныя пляцоўкі, прэзентацыі дзейнасці пярвічак «БРСМ». Ва ўрачыстасці прымалі ўдзел першы сакратар РК ГА «БРСМ» Вольга Фіешка, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Марына Песецкая, фельчар выязной брыгады хуткай дапамогі Яўгенія Гаралевіч і бухгалтаp ДУ «Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Бешанковіцкага раёна» Вікторыя Беразько. «Гэта было незабыўна!» — з задавальненнем дзяліліся ўражаннямі землякі.

У пятніцу моладзь Віцебшчыны аб'яднаў канцэрт «БРСМ 20. Нас мільёны сэрцаў» у ВДУ ім. П. М. Машэрава, падчас якога прагучалі словы падзякі тым, хто быў побач, падтрымліваючы саюз моладзі на працягу гэтых двух дзесяцігоддзяў, узнагароджаны лепшыя з лепшых. «Час патрабуе новых падыходаў. Але захаванне гістарычнай памяці павінна заставацца ў прыярытэце. Мы беражліва захоўваем памяць пра подзвігі нашых продкаў, і ў гэтым наша сіла. У юбілейны для «БРСМ» год хачу пажадаць маладому пакаленню новых карысных ініцыятыў і арыгінальных ідэй, — напутвае моладзевы лідар раёна Вольга Фіешка. — Школьнікам і студэнтам — поспехаў у вучобе, працоўнай моладзі — кар'ернага росту. Няхай збудуцца ўсе мары! За 20 гадоў зроблена нямала, многае — дзякуючы падтрымцы раённай улады і неабыякавых землякоў. Аднак яшчэ больш наперадзе, каму, як не нам, маладым, будаваць шчаслівую будучыню для нас і нашых дзяцей?!»

Марыя САНЬКО.