Справа была ў Замошшы
Празмернае ўжыванне алкаголю прывяло ў чарговы раз на лаву падсудных грамадзяніна Велігуру, маладога чалавека, які атрымаў адукацыю, але не працаваў па атрыманай спецыяльнасці, які вёў бяздзейны лад жыцця, з'яўляўся апекуном бацькі-інваліда. Бацькі без рэгістрацыі пражывалі ў в. Замошша Бешанковіцкага раёна, а ён у г. Віцебску, часам прыязджаў вырашыць іх праблемы.
05.04.2017 Велігура знаходзіўся ў бацькоў у в. Замошша. З самай раніцы займаўся добрай справай, арганізаваў паездку маці да ўрача ў г. Віцебск. Каля 14 гадзін прыехаў у в. Соржыца, дзе ў краме набыў прадукты харчавання і бутэльку гарэлкі. Практычна ў бязлюднай вёсцы пражываў пенсіянер Карэлін. Жыў ціха, дапамагаў суседзям.
Шляхі Велігуры і Карэліна перасекліся на вясковай вуліцы, і бутэльку гарэлкі, набытую Велігурам, яны распілі ў лазні апошняга пад добрую закуску. Велігура пачаставаў Карэліна пачкам цыгарэт, Карэлін яго бярозавым сокам, па якім схадзілі разам. І ўсё было добра, але выпітага спіртнога аказалася мала. Велігура вырашыў з'ездзіць па гарэлку ў в. Соржыца. І трэба ж было такому здарыцца, што машына бацькі, якую ён не змог завесці раніцай для паездкі ў паліклініку, узяла і завялася. Адсутнасць вадзіцельскага пасведчання і не адбыты тэрмін пакарання ў выглядзе пазбаўлення права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, не спыніла Велігуру. Гарэлка была дастаўлена, і прыемныя зносіны за бутэлькай працягнуліся. У нейкі момант Велігура выявіў прапажу кашалька, які ён прыхапіў, калі кашалёк выпаў з кішэні невідушчага бацькі, і той не заўважыў гэтага. Падазрэнне пала на Карэліна, але той не прызнаўся ў крадзяжы. У адурманеным алкаголем свядомасці ўзніклі карціны зносін з бацькам наконт прапажы кашалька, і Велігура жорстка збіў Карэліна, а затым зноў сеў за руль аўтамабіля, які належаў яго бацьку, і з'ехаў з двара ў бок в. Целяпы. Разумеў, што парушае закон, едзе без вадзіцельскага пасведчання ў нецвярозым стане, убачыўшы сустрэчны аўтамабіль, няўдала зрабіў разварот, з'ехаў у кювет і, выскачыўшы з машыны, накіраваўся праз кусты да дома бацькоў. Па дарозе дадому паспеў пасварыцца з суседкай, а па прыездзе работнікаў міліцыі аказаць ім непадпарадкаванне. На наступны дзень Карэліна знайшлі мёртвым недалёка ад дома. Як вынік усяго зробленага Велігурам — узбуджэнне крымінальнай справы па 3 складах злачынстваў, і ў выніку Велігура прызнаны судом вінаватым у тым, што ён 05.04.2017, будучы ў стане алкагольнага ап'янення, у ходзе сваркі, якая ўзнікла на глебе непрыязных адносін, маючы намер на прычыненне менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў пацярпеламу Карэліну, наўмысна нанёс апошняму не менш за 9 удараў кулакамі і абутымі нагамі ў вобласць галавы, шыі левай кісці, прычыніўшы яму, згодна з заключэннем эксперта, менш цяжкія цялесныя пашкоджанні.
Ён жа, з'яўляючыся асобай, якая раней здзейсніла злачынства, прадугледжанае ч.1 арт. 317-1 КК Рэспублікі Беларусь, за якое асуджаны 11.02.2013 судом Першамайскага раёна г. Віцебска за кіраванне транспартным сродкам асобай, якая знаходзіцца ў стане алкагольнага ап'янення, здзейсненае на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такія ж парушэнні, 05.04.2017, будучы ў стане алкагольнага ап'янення, не маючы права кіравання транспартным сродкам, кіраваў аўтамабілем маркі «ВАЗ-2102», які належаў яго бацьку.
Будучы пастаўленым на ўлік ва УВП АУС адміністрацыі Першамайскага раёна г. Віцебска і папярэджаным аб крымінальнай адказнасці па арт. 417 КК Рэспублікі Беларусь за ўхіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, наўмысна, ігнаруючы ўстаноўленыя парадак і ўмовы адбыцця пакарання, ухіліўся ад выканання прыгавору суда аб пазбаўленні права займацца пэўнай дзейнасцю і 05.04.2017, будучы ў стане алкагольнага ап'янення, не маючы права кіравання транспартнымі сродкамі, кіраваў аўтамабілем маркі «ВАЗ-2102», які належыць яго бацьку і быў затрыманы супрацоўнікамі ДАІ Бешанковіцкага РАУС.
Суд дзеянні Велігуры кваліфікаваў па ч.1 арт. 149 КК па прыкметах: наўмыснае прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання, па ч.2 арт. 317-1 КК Рэспублікі Беларусь, па прыкметах: кіраванне транспартным сродкам, асобай, якая знаходзіцца ў стане алкагольнага ап'янення, здзейсненае асобай, якая раней здзейсніла злачынства, прадугледжанае арт. 317-1 ч.1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, па арт. 417 КК Рэспублікі Беларусь, па прыкметах: ухіленне асуджанага ад выканання прыгавору суда аб пазбаўленні права займацца пэўнай дзейнасцю. Велігура асуджаны да пакарання ў выглядзе 2 гадоў пазбаўлення волі без штрафу, з пазбаўленнем права кіравання транспартнымі сродкамі тэрмінам на 5 гадоў. Да прызначанага пакарання цалкам далучана пакаранне, не адбытае па прыгаворы суда ад 11.02.2013 у выглядзе пазбаўлення права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі тэрмінам на 7 месяцаў 12 дзён. Прыгавор суда ўступіў у законную сілу і два гады Велігура правядзе ў ВК ва ўмовах агульнага рэжыму.
Транспартны сродак «ВАЗ 2102» канфіскаваны на карысць дзяржавы.
Хочацца спадзявацца, што такая сітуацыя стане апошняй у біяграфіі Велігуры, а прызначаная мера пакарання будзе спрыяць гэтаму.
Намеснік пракурора раёна
малодшы саветнік юстыцыі Э.І.Лешанок