Дзень памяці «Попел Хатыні ў сэрцы нашы стукаецца»
Вялікая Айчынная вайна пакінула крывавы след у кожнай беларускай сям'і. Загінула больш за 3 мільёны беларусаў, былі спалены 9200 населеных пунктаў. 186 вёсак былі знішчаны разам з жыхарамі. Цяжкая доля легла на плечы ваеннага пакалення. Але ў памяці нашай гэтая трагедыя будзе жыць вечна, каб не паўтарыцца зноў!
Сёння бярозкаўскія ратавальнікі разам з пракурорам раёна і вучнямі сярэдняй школы №2 прынялі ўдзел у мерапрыемстве, якое прысвечана памяці Хатынскай трагедыі «Попел Хатыні ў сэрцы нашы стукаецца».
Крывавая трагедыя вёскі з 26 двароў адбылася раніцай 22 сакавіка, калі атрад нямецкіх карнікаў раптоўна акружыў вёску. Жыхары вёскі нічога не ведалі пра тое, што за 6 км ад Хатыні партызаны зладзілі засаду і знішчылі нямецкую аўтамашыну разам з адным з афіцэраў. У адказ быў ужыты прынцып агульнага калектыўнага пакарання, які парушае ўсе правілы і звычаі вядзення вайны.
Хатынь стала сімвалам масавага знішчэння мірнага насельніцтва нацыстамі на акупаванай тэрыторыі.
У памяць пра беларускія вёскі, знішчаныя акупантамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, 5 ліпеня 1969 г. адкрыўся мемарыяльны комплекс Хатынь.
На тэрыторыі комплексу знаходзіцца адзінае ў свеце «кладбішча вёсак» са 185 магіл, якія сімвалізуюць не адроджаныя беларускія вёскі, спаленыя разам з насельніцтвам. Адная з іх – наша вёска Карэнёва. Бешанковіцкі раён не стаў выключэннем і за гады Вялікай Айчыннай вайны былі спалены больш за 100 вёсак Бешанковіцкага раёна, 4 з іх не аднавіліся пасля вайны. Гэта Свіціна, Якубаўшчына, Шляхцінічы, Карэнёва. Вёска Карэнёва была спалена разам з жыхарамі, такім трагічным чынам яна падзяліла лёс Хатыні.
Падобныя мерапрыемствы важныя як напамін пра падзеі тых гадоў, каб трагедыя ваеннага часу засталася толькі ў памяці і ніколі не паўтарылася.