Дзеці, вы ў адказе…

У адпаведнасці з ч.2 арт. 32 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дзеці абавязаны клапаціцца аб бацьках, а таксама асобах, якія іх замяняюць, і аказваць ім дапамогу. Па дасягненні дзецьмі паўналецця гэты абавязак нараўне з маральнымі патрабаваннямі набывае юрыдычную форму абавязку па прадастаўленні ўтрымання.

Дзеючае шлюбна-сямейнае заканадаўства прадугледжвае абавязак дзяцей па прадастаўленні ўтрымання толькі ў дачыненні да іх бацькоў і ўсынавіцеляў як асоб, якія валодаюць правам і абавязкамі бацькоў (ч.1 арт. 134 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям'і (далей КоБС Рэспублікі Беларусь). Асобы, якія фактычна выконваюць абавязкі бацькоў, у прыватнасці айчым і мачаха дзіцяці, не маюць права на атрыманне ад дзяцей утрымання.

Згодна з арт. 100 КоБС Рэспублікі Беларусь дзеці абавязаны клапаціцца аб бацьках і аказваць ім дапамогу. Утрыманне непрацаздольных, якія маюць патрэбу ў дапамозе бацькоў, з'яўляецца абавязкам іх паўналетніх працаздольных дзяцей.

У адпаведнасці з арт.101 КоБС Рэспублікі Беларусь дзеці могуць быць вызвалены ад абавязку па ўтрыманні бацькоў і кампенсацыі затрат па доглядзе за імі, калі судом будзе ўстаноўлена, што бацькі ўхіляліся ад выканання бацькоўскіх абавязкаў.

Бацькі, пазбаўленыя бацькоўскіх правоў, губляюць права на атрыманне ўтрымання ад сваіх дзяцей.

Артыкулам 175 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжана крымінальная адказнасць за ўхіленне паўналетніх працаздольных дзяцей больш за тры месяцы ад выплаты па рашэнні суда сродкаў на ўтрыманне непрацаздольных і маючых патрэбу ў матэрыяльнай дапамозе бацькоў.

На тэрыторыі Бешанковіцкага раёна пражываюць асобы, якія знаходзяцца ў працаздольным узросце, аднак не працуюць, знаходзяцца на ўтрыманні састарэлых бацькоў, сістэматычна прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці і трапляюць у поле зроку праваахоўных органаў.

У мэтах стымулявання працаўладкавання грамадзян названай катэгорыі ў прафілактычнай дзейнасці плануецца шырока выкарыстоўваць патэнцыял іх прыцягнення да матэрыяльнага ўтрымання бацькоў, пасродкам накіравання пракурорам у суд іскаў аб спагнанні з паўналетніх працаздольных дзяцей сродкаў на ўтрыманне састарэлых бацькоў.

Пракуратурай раёна дадзена даручэнне Бешанковіцкаму РАУС, сельскім выканаўчым камітэтам раёна выявіць непрацуючых, якія знаходзяцца на ўтрыманні састарэлых бацькоў, сістэматычна прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці і трапляюць у поле зроку праваахоўных органаў асоб і звесткі аб іх прадаставіць у пракуратуру Бешанковіцкага раёна.

Намеснік пракурора раёна
малодшы саветнік юстыцыі Э.І.Лешанок