Дынаміка пайшла ўгору. Аршанскі авіярамонтны завод уразіў кіраўніка Віцебскай вобласці
25 верасня 2025
"Дынаміка пайшла ўгору". Аршанскі авіярамонтны завод уразіў кіраўніка Віцебскай вобласці
Аршанскі авіярамонтны завод дынамічна развіваецца, рухаецца ў нагу з прагрэсам. Такое меркаванне выказаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін падчас рабочага візіту на прадпрыемства. Яму прадэманстравалі авіятэхніку, якая знаходзіцца ў працэсе рамонту і мадэрнізацыі. Кіраўнік вобласці азнаёміўся з вытворчай базай у новым універсальным вытворчым комплексе, ходам рэалізацыі інвестпраектаў, пабываў у цэху па працы з кампазітнымі матэрыяламі.
– Сёння прадпрыемства дынамічна развіваецца, адкрываюцца новыя вытворчасці, новыя цэхі. Укараняецца штучны інтэлект – ад АПК да прамысловасці. Тут рамантуецца і мадэрнізуецца авіятэхніка, рыхтуецца тэхніка для лясной прамысловасці, сельскай гаспадаркі. Атрадна бачыць, што ў апошні час дынаміка пайшла ўгору, падбіраюцца кваліфікаваныя кадры, расце выручка, – адзначыў Аляксандр Субоцін.
Варта сказаць, што авіярамонтны завод займаецца рамонтам авіятэхнікі ў кааперацыі з расійскімі прадпрыемствамі. Бо ўсе верталёты былі выраблены яшчэ ў часы Савецкага Саюза.
– Каб мінімізаваць закупку якіх-небудзь дэталяў, мы распрацоўваем сваю канструктарскую дакументацыю, працуем па дакументацыі прадпрыемства-распрацоўшчыка, – паведаміў генеральны дырэктар ААТ «Аршанскі авіярамонтны завод» Дзмітрый Сідаровіч. – Мы разумеем, што трэба рухацца наперад. Таму адно з самых важных пытанняў на сённяшні дзень – гэта тое, што завод заняўся набыццём дадатковага металаапрацоўчага абсталявання. Ужо ёсць праграма і перспектывы па вытворчасці дэталяў з розных тыпаў металаў для прадпрыемстваў Расійскай Федэрацыі, у якіх яны маюць патрэбу.