«Дом без пажару» пад такой назвай пройдзе спецыяльнае прафілактычнае мерапрыемства МНС на тэрыторыі Бешанковіцкага раёна з 17 па 23 красавіка.

Мэтай дадзенага мерапрыемства з'яўляецца зніжэнне рызык узнікнення пажараў у жыллёвым фондзе і гібелі ад іх людзей, павышэнне культуры бяспекі жыццядзейнасці ў насельніцтва.

З пачатку года ў Віцебскай вобласці зафіксаваны рост пажараў (241 – 2024, 273 – 2025). У агні загінулі 29 чалавек – гэта на 11 выпадкаў больш, чым у 2024 годзе. У лютым месяц бягучага года на тэрыторыі Бешанковіцкага раёна на пажарах загінула два чалавекі.

Так, 27 лютага ў 05-17 ратавальнікі выехалі па паведамленні аб пажары дома па вуліцы Зарэчнай у вёсцы Ганкавічы.

У доме пражывалі муж і жонка-пенсіянеры, 1949 і 1954 года нараджэння, а таксама і іх сын, інвалід II групы, 1981 года нараджэння. У момант узнікнення пажару жанчына знаходзілася ў сястры, у доме былі мужчыны. Іх пазней і знайшлі ратавальнікі пад абрушанымі канструкцыямі.

Па папярэдняй версіі, прычынай пажару стала неасцярожнасць пры курэнні загінулымі.

Значная частка пажараў у вобласці адбываецца менавіта па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём, у тым ліку пры курэнні. Часта такія выпадкі суправаджаюцца гібеллю чалавека, а часам і кампаніі людзей, якія «адпачывалі» напярэдадні.

Зыходзячы з сацыяльнага партрэта загінулых на пажарах грамадзян, маршрут работнікаў МНС канкрэтна вызначаны – гэта домаўладанні і кватэры грамадзян, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, а таксама адзінокіх пенсіянераў, інвалідаў і сем'яў з дзецьмі, у першую чаргу тых дамоў, дзе дзеці прызнаны ў сацыяльна-небяспечным становішчы.

Статыстыка паказвае, што большасць пажараў і загінулых грамадзян прыпадаюць на сельскую мясцовасць і зафіксаваны на тэрыторыях Бешанковіцкага і Ульскага сельскіх Саветаў. Менавіта таму прафілактычныя мерапрыемствы пройдуць у дадзеных населеных пунктах.

Сярод галоўных задач спецыяльнага прафілактычнага мерапрыемства ратавальнікі вылучаюць: інфармаванне насельніцтва аб стане пажарнай бяспекі, тлумачэнне грамадзянам наступстваў невыканання правілаў пажарнай бяспекі, вывучэнне стану пажарнай бяспекі аб'ектаў жыллёвага фонду.