Фестываль «ВелаФест у Ганны» пройдзе ў Віцебскім раёне

Аматараў бегу, веласпорту і ў цэлым здаровага ладу жыцця запрашаюць на штогадовы раённы фестываль «ВелаFest у Ганны».
Ён пройдзе 25-26 чэрвеня ў Должа, урачыстае адкрыццё адбудзецца ў суботу а 10.30. Спортсмены-аматары будуць змагацца за перамогу на некалькіх дыстанцыях крос-веламарафону, кросу і крос-трыятлону (ён уключае плаванне, велагонку і бег). Для ўдзелу трэба загадзя запоўніць заяўкі праз інтэрнэт.

Нямала цікавага запланавана таксама для гасцей і балельшчыкаў. У прыватнасці, у праграме заяўлены турніры па стральбе з лука і пнеўматычнай вінтоўкі, дартсу, шахматах, шашках і іншыя спаборніцтвы. Хлопцы ва ўзросце да 14 гадоў змогуць прадэманстраваць свае ўменні ў спаборніцтвах па фігурным кіраванні роварам. А батуты, аніматары і майстры аквагрыму дазволяць знайсці цікавыя заняткі нават для самых маленькіх гасцей свята. Пачатак культурна-масавых і спартыўна-забаўляльных мерапрыемстваў – 11.00. 

Фестываль праводзіцца з мэтай прапаганды здаровага ладу жыцця, умацавання здароўя насельніцтва, стварэння ўмоў для павышэння працоўнай актыўнасці, папулярызацыі веласпорту ў Віцебскім раёне, развіцця сілавых і гульнявых відаў спорту.