Галіна Унуковіч: «Наша армія гатова да любых выклікаў»
19 лютага 2026
Галіна Унуковіч: «Наша армія гатова да любых выклікаў»
19 лютага ў Бешанковіцкім раёне, як і па ўсёй краіне, праходзіць Адзіны дзень інфармавання.
Інфармацыйна-прапагандысцкія групы наведваюць працоўныя калектывы, каб данесці да жыхароў раёна актуальныя і важныя паведамленні.
Асноўная тэма лютаўскага Адзінага дня інфармавання — «Абарончая моц Беларускай арміі і патрыятызм у сучасных умовах».
Абмеркаваць пазначаную тэму, а таксама іншыя актуальныя пытанні развіцця рэгіёна з калектывам ААТ «ПалітаддзелецАгра» прыехала інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале са старшынёй райвыканкама Галінай Унуковіч. Удзел у размове прыняў і галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Іван Здзесеў.
Галіна Уладзіміраўна падрабязна спынілася на ваенна-палітычнай сітуацыі вакол нашай краіны, падкрэсліўшы, што сучасныя Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь з'яўляюцца надзейным шчытом ад знешніх пагроз і апорай для стабільнага развіцця краіны.
«Мы з вамі жывём у цікавы, але няпросты час, — падкрэсліла кіраўніца раёна. — На сённяшні дзень склалася такая сітуацыя, што ні адна краіна ў свеце не можа адчуваць сябе ў абсалютнай бяспецы. Па сутнасці, ідзе перадзел свету, і той уклад, які быў яшчэ 10 гадоў таму, ужо, напэўна, немагчымы. І калі мы не можам знаходзіцца ў абсалютнай бяспецы, то пытанне ўзмацнення арміі, яе гатоўнасці да любых выклікаў становіцца адным з галоўных».
Па словах Галіны Унуковіч, асаблівая роля ў сістэме забеспячэння нацыянальнай бяспекі краіны, яе абароны ад знешніх і ўнутраных пагроз адводзіцца Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь. Па Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, галоўнакамандуючым Узброенымі Сіламі з'яўляецца Кіраўнік дзяржавы. Менавіта дзякуючы яму ў нас моцная армія, кампактная, добра ўзброеная, якая ў стане абараніць рубяжы і нанесці непапраўную шкоду любому агрэсару, які вырашыць уварвацца на нашу тэрыторыю.
Кіраўнік раёна заўважыла, што ў рамках умацавання абараназдольнасці краіны актыўна развіваецца айчынны ваенна-прамысловы комплекс. Створана вытворчасць айчынных ракетных сістэм і артылерыйскіх боепрыпасаў шырокай наменклатуры. Упершыню ў гісторыі айчыннага ракетабудавання быў створаны найноўшы ракетны комплекс «Паланез-М». Удасканальваюцца распрацаваныя раней і прынятыя на ўзбраенне беларускай арміі беспілотныя авіяцыйныя комплексы…
Безумоўна, у нас ёсць стратэгічныя саюзнікі – Расійская Федэрацыя, краіны АДКБ. Разам мы выбудоўваем лінію абароны, накіраваную на стратэгічнае стрымліванне. У Беларусі размешчана тактычная ядзерная зброя, пастаўлены на баявое дзяжурства ракетны комплекс сярэдняй дальнасці «Арэшнік». Баявое майстэрства і ўзаемадзеянне адпрацоўваецца ў ходзе маштабных сумесNых вучэнняў.
«Сёння беларуская армія мае ўсё неабходнае для абароны сваёй краіны, — адзначыла Галіна Унуковіч. — Але галоўная каштоўнасць – гэта людзі. Згодна з апошнімі статыстычнымі даследаваннямі, узровень даверу да беларускай арміі вельмі высокі — больш за 70%. Служба ва Узброеных Сілах з'яўляецца важным этапам станаўлення асобы. Прыняўшы ваенную прысягу, маладыя хлопцы бяруць на сябе абавязак самааддана абараняць незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць і канстытуцыйны лад сваёй краіны».
Даведачна: У 2025 годзе ў Бешанковіцкім раёне на тэрміновую службу накіравана 30 прызыўнікоў, на службу ў рэзерв 3 чалавекі.
У сваім выступленні Галіна Унуковіч завастрыла ўвагу на важнасці выхавання сапраўдных патрыётаў Беларусі: «Ва ўмовах, калі Беларусь сутыкаецца з маштабнымі знешнімі выклікамі, патрыятызм становіцца дзейсным інструментам захавання суверэнітэту і незалежнасці беларускай дзяржавы, апорай нацыянальнай бяспекі і адзінства грамадзян. Абарона Айчыны ва ўсе часы была найвышэйшай доблесцю для беларускіх грамадзян. У нашай краіне памятаюць і шануюць тых, хто ў розныя гады адстойваў незалежнасць і суверэнітэт Беларусі са зброяй у руках. Усе мы з'яўляемся пераемнікамі пакалення пераможцаў, тых, хто цаной свайго жыцця адстаяў Вялікую Перамогу. Кожны грамадзянін павінен разумець сваю ролю ў сістэме бяспекі краіны. Гэта агульнасць выбару і ступень асабістай адказнасці», — лічыць Галіна Унуковіч.
На важнасць дакладнага інфармавання і ўмення даваць правільную ацэнку пачутым фактам і падзеям, што адбываюцца, увагу прысутных звярнуў спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы і па справах моладзі аблвыканкама.
Вельмі важныя і актуальныя тэмы падчас сустрэчы паднялі і іншыя члены ІПГ. Размова ішла аб легалізацыі пабудоў і зямельных участкаў, аб дадатковай назапашвальнай пенсіі… Карыстаючыся выпадкам, палітаддзельцы задалі гасцям хвалюючыя пытанні. Яны датычыліся якасці вады ў аграгарадку Комаскі, карэкціроўкі графіка працы, травы пасеваў на прысядзібных участках.
"Зара"