Галіна Унуковіч правяла прыём грамадзян
10 верасня 2025
Галіна Унуковіч правяла прыём грамадзян
Паляпшэнне жыллёвых умоў, складаныя працоўныя адносіны, сырасць у кватэры — гэтыя і іншыя тэмы ўзнялі бяшанковічы на чарговым асабістым прыёме грамадзян у старшыні раёна Галіны Унуковіч. Усяго на прыём прыйшлі пяць чалавек.
Кіраўнік сямейства, што пражывае ў арэндным доме ў Бешанковічах, напрыклад, хоча атрымаць жыллё большай плошчы, бо нядаўна ў яго з жонкай нарадзілася другое дзіця.
Мужчыне растлумачылі алгарытм яго дзеянняў. Цяпер працэдура пастаноўкі на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, даволі простая, дастаткова звярнуцца ў «Адзінае акно». А ў далейшым адсочваць інфармацыю аб свабодных арэндных кватэрах, што з'явіліся, на сайце райвыканкама.
Работніца адной з сельскагаспадарчых арганізацый раёна бачыць несправядлівасць у адносінах да сябе з боку непасрэднага начальства і кадравай службы. Жанчына падрабязна расказала пра сваю праблему. Галіна Уладзіміраўна рэзка выказалася ў адрас спецыялістаў, з-за бяздзейнасці якіх добрасумленнаму работніку (пра працавітасць заяўніцы старшыня раёна чула раней) літаральна няма жыцця на працы.
Галіна Унуковіч праясніла сітуацыю ў кіраўніка гаспадаркі. Апошні, нягледзячы на тое, што толькі прыступіў да абавязкаў, паабяцаў зрабіць усё, каб пытанне вырашылася «мірна». Гэтае зварот Галіна Унуковіч бярэ на свой асабісты кантроль. «Калі непаразуменні ў калектыве працягнуцца, тэлефануйце наўпрост мне», — сказала старшыня раёна.
Спецыяльная камісія па даручэнні старшыні райвыканкама выедзе ў кватэру жыхаркі шматпавярховага дома на вуліцы Маладзёжнай. Па словах жанчыны, апошнім часам яе турбуе сырасць у пакоях.
«Неабходна ўстанавіць прычыну ўзнікнення вільгаці і па магчымасці ліквідаваць праблему», — рэзюмавала Галіна Унуковіч.
"Зара"