ВЫНІКІ НАГЛЯДНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ
Адбылося пасяджэнне калегіі пракуратуры вобласці, на якім падведзены вынікі работы органаў пракуратуры за першае паўгоддзе 2016 г. і вызначаны задачы па павышэнні эфектыўнасці нагляднай дзейнасці на перспектыву.
Высокую ацэнку рабоце органаў пракуратуры вобласці даў Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Канюк А.В. Таксама Генеральным пракурорам былі вызначаны асноўныя напрамкі дзейнасці, пастаўлены канкрэтныя задачы, на вырашэнні якіх неабходна засяродзіць намаганні органаў пракуратуры ў бліжэйшы час.
Таксама ў сваіх выступленнях пракурор вобласці Дыска Г.І., намеснікі пракурора вобласці Сідаровіч А.В., Карэнька Г.А., Гук В.І. спыніліся не толькі на станоўчых выніках работы, але і адзначылі недахопы і пралікі ў праваахоўнай дзейнасці і прапанавалі канкрэтныя мерапрыемствы, накіраваныя на паляпшэнне крымінагеннай абстаноўкі і стан законнасці ў рэгіёне.
У прыватнасці, на калегіі адзначалася, што ў бягучым годзе органы пракуратуры вобласці канцэнтравалі ўвагу на ключавых напрамках нагляднай дзейнасці, звязаных з забеспячэннем законнасці і правапарадку, процідзеяннем карупцыі і эканамічнай злачыннасці, узмацненнем абароны жыцця і здароўя грамадзян.
Ажыццяўляліся канкрэтныя арганізацыйныя і практычныя мерапрыемствы, накіраваныя на цесную каардынацыю дзеянняў органаў пракуратуры з усімі зацікаўленымі дзяржаўнымі структурамі ў мэтах умацавання грамадскай бяспекі і дысцыпліны. Павышаная ўвага надавалася пытанням прафілактыкі злачыннасці, барацьбы з п'янствам і наркаманіяй. Захавалася высокая актыўнасць агульнанагляднай дзейнасці. Прыняты меры па паляпшэнні якасці падтрымання дзяржаўнага абвінавачвання. Вынікова ажыццяўлялася абарона эканамічных інтарэсаў дзяржавы. Для асвятлення праваабарончай ролі пракуратуры шырока выкарыстоўваліся сродкі масавай інфармацыі.
Сумеснымі намаганнямі ўсіх праваахоўных органаў і мерамі пракурорскага нагляду ўдалося захаваць стабільную аператыўную абстаноўку. У 1 паўгоддзі 2016 года на тэрыторыі вобласці зарэгістравана 5547 злачынстваў (+2,4%), пры гэтым скарацілася колькасць забойстваў, наўмысных цяжкіх цялесных пашкоджанняў, разбойных нападаў, рабаванняў, крадзяжоў, угонаў аўтатранспарту. Паменшылася колькасць злачынстваў, учыненых паўторна, у грамадскіх месцах, у стане алкагольнага ап'янення. Узровень злачыннасці на 10 тысяч насельніцтва склаў 46,4 (па рэспубліцы – 50,0).
Разам з тым, значны рост злачыннасці адбыўся ў Лёзненскім, Пастаўскім, Чашніцкім раёнах, г.Віцебску. У Полацкім, Мёрскім, Дубровенскім, Гарадоцкім раёнах, г.Віцебску павялічылася колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. Застаюцца актуальнымі пытанні папярэджання злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзян, асабліва ў Пастаўскім, Сенненскім, Чашніцкім, Мёрскім раёнах, дзе ўзрасла колькасць забойстваў. Высокая ўдзельная вага рэцыдыўнай злачыннасці захоўваецца ў Докшыцкім, Дубровенскім, Верхнядзвінскім, Расонскім, Талачынскім, Чашніцкім раёнах. Не ўсюды забяспечана актыўны ўплыў пракурораў на папярэджанне правапарушэнняў у маладзёжным асяроддзі (Полацкі, Ушацкі, Лёзненскі, Пастаўскі раёны).
Мае патрэбу ў паляпшэнні стан законнасці ў дзейнасці аператыўных службаў, у тым ліку па вышуку без вестак зніклых асоб.
Захоўваюць сваю актуальнасць пытанні забеспячэння абароненасці крытычна важных і іншых сацыяльна значных аб'ектаў Віцебскай вобласці ад магчымых праяў экстрэмізму, асабліва ў перыяд правядзення выбарчай кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Не ўсюды актывізавана работа па папярэджанні карупцыйных праяў. Доўгі час не ўстанаўліваліся факты хабарніцтва ў Верхнядзвінскім, Глыбоцкім, Гарадоцкім, Докшыцкім і Ушацкім раёнах.
Больш увагі варта надаваць забеспячэнню здароўя ваеннаслужачых, папярэджанню гібелі, траўматызму, парушэнняў статутных правіл узаемаадносін паміж імі, захаванасці дзяржаўнай маёмасці, выкананню заканадаўства аб прызыве грамадзян на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве.
У бягучым годзе на стадыі дасудовага вядзення пракурорамі адменена больш за 1300 незаконных пастаноў аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы і аб спыненні праверкі, вынесеных органамі дазнання.
Таксама адменена 114 неабгрунтаваных рашэнняў следчых аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, адноўлена вядзенне па 180 крымінальных справах, па якіх былі прыняты незаконныя рашэнні аб прыпыненні альбо спыненні папярэдняга следства, накіравана ў суд для разгляду 2670 крымінальных спраў, 30 крымінальных спраў вернута для правядзення дадатковага расследавання.
Разам з тым, па 4 крымінальных справах судамі пастаноўлены апраўдальныя прыгаворы, па 10 справах у судзе прад'яўлялася новае абвінавачанне. У шэрагу рэгіёнаў органамі дазнання пры разглядзе заяў і паведамленняў аб злачынствах прымаліся незаконныя рашэнні (Дубровенскі, Гарадоцкі, Полацкі раёны, г. Наваполацк).
Не губляюць сваёй актуальнасці пытанні выканання прыродаахоўнага і зямельнага заканадаўства, заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, аб працы і ахове працы, аб прафілактыцы правапарушэнняў, аб барацьбе з п'янствам і наркаманіяй, аб выкананні кантралюючымі (нагляднымі) органамі сваіх функцый, на што пракурорам неабходна звяртаць пастаянную ўвагу.
Намеснік начальніка арганізацыйна-кантрольнага
аддзела пракуратуры Віцебскай вобласці, Святлана Зайцава