Да ведама плацельшчыкам: пра своечасовасць выплаты сямейных дапамог
У Віцебскай вобласці назіраецца негатыўная тэндэнцыя да павелічэння колькасці выпадкаў несвоечасовай выплаты працадаўцамі вобласці дзяржаўных дапамог сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей.
Згодна з нормамі артыкула 5 Закона Рэспублікі Беларусь ад 29.12.2012 № 7-З «Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей» (далей – Закон) абавязак па своечасовай і ў поўным аб'ёме выплаце названых дапамог ускладзены на наймальніка. Сямейныя дапамогі, прызначаныя па месцы працы атрымальніка, выплачваюцца за бягучы месяц у дні, устаноўленыя для выплаты заработнай платы (артыкул 21 Закона).
Звяртаем увагу наймальнікаў, што ў выпадку несвоечасовай выплаты заработнай платы, а таксама, калі сумы налічаных у бюджэт фонду сацыяльнай абароны насельніцтва плацяжоў недастатковыя для выплаты дзяржаўных дапамог, плацельшчыкі маюць права звярнуцца ў раённыя (гарадскія) аддзелы (сектара) Віцебскага абласнога ўпраўлення Фонду па месцы пастаноўкі на ўлік з заяўкай на пералічэнне сродкаў на выплату дапамог і дакументамі, якія пацвярджаюць абгрунтаванасць прадстаўленай заяўкі, правільнасць прызначэння дапамог (пункты 8, 9 Інструкцыі аб парадку выкарыстання сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь на выплату пенсій і дапамог, зацверджанай пастановай праўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 15 ліпеня 2013 г. № 9).
У выпадках, калі выплата дзяржаўных дапамог не можа ажыццяўляцца па месцы працы ў сувязі з неажыццяўленнем арганізацыяй фінансава-гаспадарчай дзейнасці, ліквідацыяй (знаходжаннем у працэсе ліквідацыі), правядзеннем у дачыненні да яе працэдуры эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтва), плацельшчык мае права прадставіць заявы атрымальнікаў дапамог і пацвярджаючыя дакументы ў раённыя (гарадскія) аддзелы (сектара) Віцебскага абласнога ўпраўлення Фонду па месцы пастаноўкі на ўлік для накіравання ў камісію пры Віцебскім абласным упраўленні Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва па прызначэнні дапамог у парадку выключэння для вызначэння новага месца прызначэння і выплаты дзяржаўных дапамог (пункт 22 Палажэння аб парадку прызначэння і выплаты дзяржаўных дапамог сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей, зацверджанага Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 28.06.2013 № 569).
Кіраўнікам прадпрыемстваў неабходна прыняць меры па недапушчэнні запазычанасці па выплаце дапамог сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей. Парушэнне правоў атрымальнікаў дапамог з'яўляецца грубым парушэннем заканадаўства, што падкопвае аўтарытэт сістэмы сацыяльных гарантый.
Па ўсіх пытаннях, якія тычацца пералічэння плацельшчыкам сродкаў органамі Фонду на выплату дапамог, вызначэння новага месца прызначэння і выплаты дапамог, плацельшчыкам неабходна звяртацца ў раённыя аддзелы.
Віцебскае абласное ўпраўленне
Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва
Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.