Як Бешанковіцкі раён падрыхтаваўся да маразоў
14 студзеня 2026
Як Бешанковіцкі раён падрыхтаваўся да маразоў
Наступленне халоднага надвор'я прымушае нас даставаць цёплае адзенне, а раённыя службы — пераходзіць на ўзмоцнены рэжым працы, забяспечваючы камфорт і бяспеку насельніцтва. Распавядаем, як падрыхтаваліся да нізкіх тэмператур на Бешанковіччыне.
Камунальная гаспадарка
«Мы грунтоўна падрыхтаваліся да зімовых умоў, – адзначае дырэктар УКП ЖКГ «Бешанковіцкі камунальнік» Ігар Слівец. – На кацельнях маецца дастатковы запас паліва, рэгуляванне падачы цяпла праводзіцца ў залежнасці ад вулічнай тэмпературы. Вядзецца пастаянны маніторынг за працай цеплавых сетак, павялічана колькасць іх абходаў. Служба забяспечвае пастаянную прысутнасць рамонтных брыгад, гатовых неадкладна ўстараняць магчымыя няспраўнасці».РЭС
У рэжым павышанай гатоўнасці пераведзены і раён электрасетак. Узмоцнены кантроль за працай абсталявання падстанцый і лініямі электраперадачы, падрыхтаваны рэзервовыя крыніцы электразабеспячэння. Да ліквідацыі магчымых тэхналагічных парушэнняў гатовыя аварыйна-аднаўленчыя брыгады, якія ўкамплектаваны неабходнымі сродкамі абароны, інструментамі, спецаўтатэхнікай.ЦРБ
Як пракаментавала галоўны ўрач ЦРБ Святлана Рошчына, медыцынскі персанал цэнтральнай раённай бальніцы ў выпадку неабходнасці гатовы аказаць неадкладную дапамогу жыхарам і гасцям рэгіёна.«У нашым раёне ўсплёску на галалёдныя і халадавыя траўмы не назіраецца, іх колькасць знаходзіцца на ўзроўні мінулага года, — падкрэсліла галоўны ўрач. – Звяртаемся да жыхароў рэгіёна з просьбай: выходзячы на вуліцу, будзьце ўважлівыя і апранайцеся правільна, па надвор'і».
Сілавыя структуры
Супрацоўнікі РАНС, РАУС і ДАІ знаходзяцца ў пастаяннай баявой гатоўнасці. Праведзены дадатковыя заняткі з асабовым складам па дзеяннях у экстрэмальных умовах надвор'я.
На наступным тыдні ратавальнікі правераць, ці выконваюць жыхары раёна правілы пажарнай бяспекі. З 19 па 24 студзеня на тэрыторыі рэгіёна пройдзе комплекс спецыяльных прафілактычных мерапрыемстваў «Дом без пажару».
«Мэта акцыі – зніжэнне рызык узнікнення пажараў у жыллёвым фондзе і гібелі ад іх людзей, павышэнне культуры бяспекі жыццядзейнасці ў насельніцтва», — адзначае намеснік начальніка Бешанковіцкага РАНС Павел Чаплінскі.
У Бешанковіцкім раёне, як і ва ўсіх раёнах вобласці, на базе школ, якія знаходзяцца паблізу аўтамабільных дарог, вызначаны пункты часовага знаходжання грамадзян з забеспячэннем гарачага харчавання. Размяшчэнне пунктаў узгоднена з тэрытарыяльнымі падраздзяленнямі ДАІ. У нашым раёне гэта Астравенская, Ржаўская, Бачэйкаўская і Ульская школы.
***
Але, нягледзячы на працу службаў, важна памятаць, што кожны грамадзянін абавязаны выконваць правілы асабістай бяспекі, сачыць за станам свайго жылля і аўтамабіляў, апранаць адпаведную надвор'ю вопратку і абмежаваць знаходжанне дзяцей на адкрытым паветры ў моцны мароз.
"Зара"