Як у Бешанковічах будуць святкаваць Дзень абароны дзяцей — праграма мерапрыемстваў на 1 чэрвеня 2026

Как в Бешенковичах будут праздновать День защиты детей — программа мероприятий на 1 июня 2026

28 мая 2026

Эпіцэнтрам святочных мерапрыемстваў, прысвечаных Міжнароднаму дню абароны дзяцей, 1 чэрвеня стане цэнтральны парк г. п. Бешанковічы. Па добрай традыцыі раённыя службы рыхтуюць для юных жыхароў прыдзвінскага краю вялікую святочную праграму. Мерапрыемствы разлічаны на ўвесь дзень і ўмоўна падзелены на два блокі: дзённы і вячэрні, што дазволіць надаць увагу і падарыць радасць кожнаму дзіцяці.

Першых удзельнікаў свята цэнтральны парк гасцінна сустрэне з 11 да 13 гадзін, дзе пройдзе раённы конкурс гульнявых праграм «Вясёлая карусель». Арганізатары правядуць для дзяцей шэраг займальных мерапрыемстваў, на якія запрошаны выхаванцы дзіцячых садкоў і прышкольных дзіцячых аздараўленчых лагераў раёна. Для сельскіх дзяцей — выдатная магчымасць весела сустрэць канікулы разам з аднагодкамі!

Для дзяцей падрыхтаваны квесты, развіваючыя пляцоўкі і гульнявыя праграмы. Конкурсы і гульні дзецям прапануюць педагогі і культработнікі, у тым ліку з сельскіх устаноў культуры, якія прывязуць у гарпасёлак сваю порцыю выдатнага настрою.

Далучыцца да дзённых забаў і пагуляць па парку могуць абсалютна ўсе ахвотныя. Сумесная праца арганізатараў дазволіць разгарнуць тут шэраг інтэрактыўных зон, за забеспячэнне працы якіх адказваюць канкрэтныя раённыя службы.

Напрыклад, яркія забаўляльна-гульнявыя праграмы для дзяцей рыхтуе Бешанковіцкі РЦК. Разнастайны блок актыўнасцей разгорне раённы цэнтр дзяцей і моладзі. Педагогі ўстановы дадатковай адукацыі прадставяць кантактны заапарк, прапануюць дзецям запальныя вулічныя гульні і займальны майстар-клас па вырабе паветранага змея, парадуюць хлопчыкаў і дзяўчынак маляўнічым святочным аквагрымам.

Свае тэматычныя пляцоўкі арганізуюць РАНС, РАУС і аддзяленне Дэпартамента аховы, дзе дзеці змогуць паглядзець спецтэхніку, прымерыць экіпіроўку і паўтарыць правілы бяспечных паводзін у перыяд летніх канікул.

Выстаўку-продаж сувенірных вырабаў і займальны творчы майстар-клас для дзяцей рыхтуюць майстры Бешанковіцкага Дома рамёстваў. Маленькія ўмельцы і іх бацькі змогуць азнаёміцца з народнай творчасцю прыдзвінскага краю і набыць памятныя сувеніры.

Свой асаблівы, навагодні сюрпрыз прадставіць раённы гісторыка-краязнаўчы музей. Яго супрацоўнікі рыхтуюць унікальную выставу дзіцячых цацак і настольных гульняў перыяду Савецкага Саюза. Дзякуючы гэтай экспазіцыі сучасныя дзеці змогуць на свае вочы ўбачыць, у што гулялі і як праводзілі вольны час іх дзядулі і бабулі, іншыя старэйшыя сваякі. Свае пляцоўкі, пазнавальныя лакацыі, гульні, віктарыны традыцыйна прапануюць работнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі і ТЦСАН.

Для падрастаючага пакалення рыхтуюць таксама спартыўныя мерапрыемствы і спаборніцтвы, дзе дзеці змогуць праявіць камандны дух і пазмагацца за перамогу ў вясёлых стартах. Яркім дадаткам да свята стане праца атракцыёнаў, якія дораць юным гасцям яшчэ больш радасці, а каб дзень быў не толькі вясёлым, але і смачным, у парку можна будзе купіць духмяны попкорн і ўсімі любімую салодкую вату.

Святочныя забавы працягнуцца з 17 да 20 гадзін. Гэта ідэальны час для ўтульнага сямейнага адпачынку: пасля працоўнага дня мамы, таты, бабулі і дзядулі могуць прывесці ў цэнтральны парк сваіх дзяцей, каб разам правесці цёплы летні вечар, прыняць удзел у дзіцячай гульнявой праграме «Адкрываем лета». Гасцей свята чакае новая порцыя весялосці ад работнікаў культуры і РЦДіМ, праца тэматычных пляцовак, інтэрактывы, майстар-класы, прысмакі і атракцыёны. Дарослыя змогуць ненадоўга вярнуцца ў дзяцінства, а дзеці ўдосталь павесяліцца, зарадзіцца выдатным настроем на ўсё лета.

Прыходзьце на свята, падарыце сваім дзецям яркія эмоцыі і незабыўныя ўражанні!

"Зара"