Камень-следавік «Божы слядок»
Камень, гранітны валун шэрага колеру авальнай формы дыяметрам 1,9 м. Знойдзены на ўскраіне вёскі Шчыпцы.
На яго плоскім верхнім баку выразна назіраецца выцягнутае паглыбленне прыроднага паходжання, падобнае на адбітак невялікай чалавечай ступні даўжынёй 15 см з невялікім паглыбленнем у выглядзе следу.
Мясцовыя жыхары здзіўляліся таму, што паглыбленне так падобнае на след і лічылі, што пакінуць яго ў цвёрдым камені мог толькі Бог. Таму камень-следавік шанавалі і лічылі святым.
Паводле павер'я камень дараваў незамужнім жанчынам шчаслівы шлюб, бяздзетным парам – бацькоўскае шчасце. Трэба было дакрануцца да яго парослай мохам паверхні або пасядзець на ім, папрасіўшы ў Бога аб дапамозе. Згодна з адной з легенд камень спрыяе ўмацаванню сямейных сувязей, абараняе дзяцей ад негатыўнага ўздзеяння звонку. Дзіўнымі ўласцівасцямі валодае і вада, якая збіраецца ў паглыбленні, яна збіралася людзьмі і выкарыстоўвалася для лячэння.