«Кожны выхад у поле — адказнасць»: як у Бешанковіцкім раёне праходзіць пасяўная
19 мая 2026
«Кожны выхад у поле — адказнасць»: як у Бешанковіцкім раёне праходзіць сяўба
Вясна – час сяўбы. Для бешанковіцкіх аграрыяў гэта самая адказная пара, бо што пасееш, тое і пажнеш. Кожны выхад у поле – важная задача і адказнасць. На мінулым тыдні зазірнулі да працаўнікоў ЗАТ «АСБ-Агра Наватар».
У сельгаспрадпрыемстве актыўна займаюцца сяўбой кукурузы. Як расказаў галоўны аграном гаспадаркі Юрый Гайдукоў, на зерне пасеяна 450 га «царыцы палёў», або 110% ад задання. На сілас плануецца 1000 га. Пасеяна 690 га, або 69%. Гэты фронт работ даручаны Алегу Мікалаевічу Кузьміну і Уладзіміру Уладзіміравічу Радкевічу. Досведу ім не займаць. «Перад намі вельмі важная задача – якасна ўнесці насенне ў глебу, – кажуць абодва. – Надвор’е ўносіць свае карэкціроўкі, так што ў нас кожная хвіліна на рахунку».
Як толькі ўсталёўваюцца пагодлівыя дні, механізатары на сваіх «МТЗ-1221» з «СТВ-8» працягваюць сяўбу. На падвозе насення задзейнічаны Аляксандр Аркадзьевіч Спірыдзянок. Пасля кукурузы працаўнікі ўсе сілы накіруюць на сяўбу адналетнікаў на зялёны корм. Іх у плане 400 га, 60 га ўжо пасеяна. Выконваць гэты від работ даверана Уладзіміру Мікалаевічу Жыгунову на «МТЗ-3522» з «Pronto».
Працуюць землякі дружна, у кожнага – свае важныя абавязкі. Паралельна з сяўбой наватарцы шчыра вядуць барацьбу з пустазеллем. Хімпраполкай заняты Аляксей Фёдаравіч Русанец на «МТЗ-82» з «АП-2500». На «Росе» працуе Васіль Аляксандравіч Прэснякоў. Падвозяць ваду Андрэй Анатольевіч Качан і Валерый Уладзіміравіч Кавалеўскі, абодва – на «МТЗ-1221» з «МЖТ-10».
«Царыца палёў» – у надзейных руках Уладзіміра Радкевіча.
Посяўная кампанія праходзіць у планавым рэжыме дзякуючы загадзя падрыхтаванай тэхніцы і прафесіяналізму работнікаў.
Застаецца толькі спадзявацца, што надвор'е будзе спрыяць працаўнікам, дапаможа раслінам добра прыжыцца і даць багаты ўраджай.
"Зара"