Халакост у Бешанковіцкім раёне: гісторыя, факты, падзеі

Холокост в Бешенковичском районе: история, факты, события

27 студзеня 2026

Халакост у Бешанковіцкім раёне: гісторыя, факты, падзеі

Штогод 27 студзеня адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту. Ён быў афіцыйна зацверджаны рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН ад 1 лістапада 2005 года. Дата была выбрана невыпадкова — у гэты дзень у 1945 годзе савецкімі войскамі быў вызвалены найбуйнейшы нацысцкі канцлагер Асвенцім (Аўшвіц), размешчаны на тэрыторыі Польшчы. Вызваленне лагера стала адным з сімвалаў заканчэння нацысцкага генацыду, які закрануў не толькі яўрэйскае, але і іншыя этнічныя і сацыяльныя групы.

Халакост у Бешанковіцкім раёне стаў часткай сістэматычнага пераследу і знішчэння яўрэйскага насельніцтва акупацыйнымі ўладамі нацысцкай Германіі і калабарацыяністамі ў 1941-1944 гадах падчас Другой сусветнай вайны ў рамках палітыкі «Канчатковага рашэння яўрэйскага пытання».

У ліпені 1941 года Бешанковіцкі раён быў цалкам захоплены нямецкімі войскамі, і акупацыя працягвалася да канца чэрвеня 1944 года. Для ажыццяўлення палітыкі генацыду і правядзення карных аперацый адразу следам за войскамі ў раён прыбылі карныя падраздзяленні войскаў СС, айнзацгрупы, зондэркаманды, тайная палявая паліцыя, паліцыя бяспекі і СД, жандармерыя і гестапа. Ужо з першых дзён немцы пачалі аддзяляць яўрэяў ад астатніх жыхароў і забіваць іх. Падобныя «акцыі» паўтараліся мноства разоў у многіх месцах. У тых населеных пунктах, дзе яўрэяў забілі не адразу, іх утрымлівалі ў умовах гета да поўнага знішчэння.

Акупацыйныя ўлады пад пагрозай смерці забаранілі яўрэям здымаць жоўтыя латы або шасціканцовыя зоркі (апазнавальныя знакі на верхнім адзенні), выходзіць з гета без спецыяльнага дазволу, мяняць месца жыхарства і кватэру ўнутры гета, хадзіць па тратуарах, карыстацца грамадскім транспартам, знаходзіцца на тэрыторыі паркаў і грамадскіх месцаў, наведваць школы. Ва ўсіх буйных вёсках былі створаны раённыя ўправы і паліцэйскія гарнізоны з калабарацыяністаў. Яшчэ да восені 1941 года ва ўсіх населеных пунктах раёна былі прызначаны старасты. За час акупацыі практычна ўсе яўрэі Бешанковіцкага раёна былі забіты, а нямногія, хто выратаваўся, у большасці ваявалі пазней у партызанскіх атрадах.

Немцы, рэалізуючы нацысцкую праграму з

У гады акупацыі ў нашым раёне загінула 95 працэнтаў яўрэйскага насельніцтва. Помнікі забітым устаноўлены ў Бешанковічах, Слабадзе, Астроўна і Улле. Жахлівым напамінам пра Халакост з'яўляюцца брацкія магілы ахвяр вайны. У г. п. Бешанковічы, на правым беразе ракі Заходняя Дзвіна, пахавана 1068 яўрэяў. У аграгарадку Астроўна (каля дарогі на Плісы) у брацкай магіле спачываюць 300 чалавек. У аграгарадку Улла на тэрыторыі былога піянерскага лагера — 385.

Урачыстае перапахаванне астанкаў мірных жыхароў вёскі Слабада Ульскага сельсавета, расстраляных нямецка-фашысцкімі захопнікамі падчас Вялікай Айчыннай вайны ва ўрочышчы «Лісіныя норы» ў 1942 годзе, адбылося ва Улле ў лістападзе 2022 года. Яны былі знойдзены ў жніўні 2022-га вайскоўцамі 52-га спецыялізаванага пошукавага батальёна. Вынікі экспертызы паказалі, што знойдзеныя астанкі належаць не менш чым 65 людзям, большасць з якіх жанчыны і дзеці. Усе целы знаходзіліся ў расстрэльнай яме ў некалькі шэрагаў. Сярод астанкаў выяўлены і дастаты асабістыя рэчы пахаваных: фрагменты абутку, расчоскі і грэбні, гузікі, а таксама гільзы ад зброі каты. Многія гільзы ад нямецкіх вінтовак прамаркіраваны штампамі 1938 года і эмблемай SS у выглядзе дзвюх характэрных маланкі.

Не можа быць забыцця…
Беларусь захоўвае памяць пра гераічнае мінулае свайго народа і адстойвае гістарычную праўду. Мы памятаем кожнага. З 2021 года працягваецца маштабнае расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, ініцыяванае пракуратурай Беларусі, вынікі якога рэгулярна абнаўляюцца.
Згодна з афіцыйнымі заявамі, у гады акупацыі на беларускай зямлі дзейнічалі каля 600 лагераў смерці (105 з іх — на Віцебшчыне), было спалена амаль 13 тысяч вёсак і мястэчак, бязлітасна забіта больш за тры мільёны чалавек. І кропка ў гэтай страшнай статыстыцы яшчэ не пастаўлена.

Халакост — трагедыя і боль беларускай зямлі, незагойная рана гісторыі. У нашай краіне свята шануюць памяць нявінных ахвяр, захоўваюць гістарычную праўду, перадаючы яе з пакалення ў пакаленне. Пра генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны падрастаючаму пакаленню на ўроках і пазакласных занятках расказваюць педагогі. Мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню памяці ахвяр Халакосту, праводзяць работнікі культуры.

Урокі памяці «Халакост — памяць пакаленняў», напрыклад, падрыхтавалі бібліятэкары Верхскай сельскай бібліятэкі і Бачэйкаўскай сельскай бібліятэкі імя Б. П. Беляжэнкі. У Ржаўскай арганізавалі выставу кніг «Забываць нельга», ва Ульскай — гадзіну гісторыі «Халакост — трагедыя народа». Гадзіну гістарычных фактаў «Беларускія гета: месца смутку і памяці» для сваіх чытачоў праводзіць Палітаддзельская сельская бібліятэка, урок-рэквіем «Халакост. Трагедыя народа» — цэнтральная раённая бібліятэка. Каб людзі памяталі важнасць і каштоўнасць міру ва ўсіх яго праявах, не паўтарыліся зноў страшныя падзеі…

"Зара"