Конкурс грамадзянскіх ініцыятыў стартаваў у Віцебскай вобласці. Пераможцы атрымаюць фінансавую падтрымку на рэалізацыю праектаў
Ініцыятарамі могуць стаць грамадзяне, якія дасягнулі васямнаццацігадовага ўзросту і пражываюць на тэрыторыі адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, пры падтрымцы раённых або гарадскіх Саветаў дэпутатаў.
Тэрмін рэалізацыі грамадскіх ініцыятыў – 2025 год.
Праекты грамадскіх ініцыятыў накіроўваюцца ў Віцебскі абласны Савет дэпутатаў:
- на папяровым носьбіце па адрасе: 210010, г. Віцебск, вул. Гогаля, 6, каб. 207
- на адрас электроннай пошты абласнога Савета (osd@vitobl.by) з паметкай «Праект грамадскай ініцыятывы» ў выглядзе дакументаў, адсканаваных у PDF-фармаце.
Да праекта прыкладаецца заяўка, якая змяшчае звесткі аб ініцыятары (прозвішча, імя, імя па бацьку, дата нараджэння, месца жыхарства, кантактныя дадзеныя). Ініцыятарам могуць быць пазначаны іншыя звесткі, якія маюць значэнне для рэалізацыі грамадскай ініцыятывы.
Тэрмін падачы праектаў да 1 лютага 2025 года.
Праекты, якія прайшлі папярэдні разгляд у абласным Савеце дэпутатаў (тэрмін разгляду праектаў з моманту атрымання – адзін месяц), будуць дапушчаны да конкурснага адбору, які праводзіцца Віцебскай абласной асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў.
Праект грамадскай ініцыятывы павінен адпавядаць патрабаванням, устаноўленым пунктам 3 артыкула 36 Закона Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2010 года «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь».
Ацэнка заявак ажыццяўляецца конкурснай камісіяй. Сярод асноўных крытэрыяў — абгрунтаванасць мясцовай ініцыятывы (актуальнасць ідэі, наяўнасць лагічнай сувязі паміж ідэяй і задачамі, якія забяспечваюць яе рашэнне, прадуманасць і паслядоўнасць дзеянняў па рэалізацыі ініцыятывы, а таксама адпаведнасць запланаваных мерапрыемстваў асноўнай ідэі). Не менш важны чаканы сацыяльны, эканамічны і экалагічны эфект ад рэалізацыі мясцовай ініцыятывы, устойлівасць вынікаў і ўцягванне ў працэс рэалізацыі шырокага кола партнёраў на мясцовым узроўні (мясцовых органаў самакіравання, грамадзян і арганізацый).
Таксама будзе ўлічвацца інавацыйнасць мерапрыемстваў і падыходаў, прапанаваных у рамках рэалізацыі мясцовай ініцыятывы, захаванне прынцыпу гендэрнай роўнасці, уцягванне людзей з абмежаванымі магчымасцямі і іншых уразлівых груп насельніцтва, накіраванасць заяўкі на вырашэнне праблем такіх людзей.
Ва ўвагу будзе прынята пашырэнне сацыяльнага прадпрымальніцтва і іншых форм уцягвання бізнесу ў вырашэнне праблем рэгіёна.
Праекты, якія перамаглі ў конкурсным адборы, атрымаюць фінансавую падтрымку на іх рэалізацыю.
Ініцыятар-атрымальнік павінен забяспечваць суфінансаванне праекта ў памеры не менш за 10 % ад запытанай сумы фінансавання.