Лес не месца для звалкі…
Вялікай праблемай для работнікаў лясной гаспадаркі застаецца захламленасць лясоў бытавымі адходамі. Мабыць, для асобных грамадзян незразумелы той факт, што, засмечваючы лясы, яны наносяць велізарную шкоду навакольнаму асяроддзю, памяншаючы магчымасць для будучых пакаленняў жыць ва ўмовах здаровай экалогіі.
Так, праведзенай пракуратурай Бешанковіцкага раёна сумесна са спецыялістамі Бешанковіцкай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховай навакольнага асяроддзя праверкай абследаваны землі ляснога фонду, якія знаходзяцца паблізу н.п. Бешанковічы, на прадмет іх належнага ўтрымання, а таксама адпаведнасці прыродаахоўным патрабаванням.
Патрабаванні арт.23 Ляснога кодэкса Рэспублікі Беларусь абавязваюць юрыдычныя асобы, якія вядуць лясную гаспадарку, ажыццяўляць догляд за лясамі, забяспечваць выкарыстанне па мэтавым прызначэнні зямель ляснога фонду, праводзіць работы па санітарным добраўпарадкаванні і належным утрыманні ўчасткаў ляснога фонду, спыняць забруджванне лесу адходамі.
Устаноўлена, што дзяржаўнай лесагаспадарчай установай «Бешанковіцкі лясгас» не прымаецца дастатковых мер па ахове зямель ляснога фонду ад забруджвання адходамі.
У прыватнасці, пры абследаванні ўчастка лесу, размешчанага ў непасрэднай блізкасці 219 км аўтадарогі М3 Мінск – Віцебск, устаноўлена, што ў катлаване глыбінёй каля 3 метраў арганізавана несанкцыянаваная звалка: дапускаецца складанне бытавых адходаў, пластыкавых бутэлек і ёмістасцей, зношаных аўтамабільных шын, іншых адходаў. У ходзе абследавання ўчастка лесу, размешчанага на беразе р. Крывінка, на супрацьлеглым баку дзіцячага аздараўленчага лагера «Арляня», дзе праходзяць раённыя турыстычныя злёты, устаноўлена, што неўстаноўленымі асобамі дапушчана аналагічнае несанкцыянаванае складанне бытавых адходаў, пластыкавай тары.
Безумоўна, дадзеныя парушэнні спрыяюць забруджванню і псаванню зямель лесафонду, парушаюць яго санітарна-гігіенічныя і рэкрэацыйныя функцыі, зніжаюць эстэтычнае ўспрыманне лесу, ствараюць пагрозу забруджвання лесу і зямель ляснога фонду.
У адпаведнасці з ч.1 арт.25, ч.4 арт.30 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб абыходжанні з адходамі» на землях ляснога фонду забараняецца размяшчэнне аб'ектаў захоўвання, захавання і абясшкоджвання адходаў, бо захоўванне і захаванне адходаў дапускаецца толькі ў санкцыянаваных месцах.
Па выніках праверкі пракурорам раёна ў адрас дырэктара дзяржаўнай лесагаспадарчай установы «Бешанковіцкі лясгас» вынесена прадпісанне з патрабаваннем прыняцця неадкладных мер па ліквідацыі парушэнняў ляснога і прыродаахоўнага заканадаўства і ўстанаўленні асоб, вінаватых у забруджванні лесу адходамі, для прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці па ч.1 арт.15.30 КаАП Рэспублікі Беларусь.
30.06.2016
Памочнік пракурора раёна
юрыст 2 класа
В.В. Ларкова