Лукашэнка: Беларусь і Расія былі разам і будуць, ніхто не зможа разарваць іх адзінства

Лукашенко: Беларусь и Россия были вместе и будут, никто не сможет разорвать их единство

18 лістапада 2025

Лукашэнка: Беларусь і Расія былі разам і будуць, ніхто не зможа разарваць іх адзінства

Беларусь і Расія былі разам і будуць, ніхто не зможа разарваць іх адзінства. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 17 лістапада на сустрэчы з губернатарам Растоўскай вобласці Расіі Юрыем Слюнянёвым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў важнасць захавання і развіцця ўзаемаадносін дзвюх краін, асабліва ва ўмовах, якія склаліся. "Націск звонку каласальны. Не называю адрасы, паролі, яўкі. Вы гэта добра ведаеце. Таму нам трэба ўтрымаць сваё. Беларусь і Расія былі разам і будуць. Ніхто не зможа разарваць наша адзінства, як бы камусьці ні хацелася. Гэтага не дазволяць людзі, народы. Гэта трэба вытрымаць, гэта трэба ўтрымаць. Гэта галоўнае", - сказаў беларускі лідар. 

У аснове такой супрацы - мноства фактараў, уключаючы культурную, гістарычную агульнасць, міжасобасныя кантакты, але перш за ўсё, на думку Прэзідэнта, павінна быць эканоміка. Яна адыгрывае найважнейшую ролю, гэта галоўнае, што павінна аб'ядноўваць дзве дзяржавы. "А не хадзіць тут з "Россотрудничеством" і агітаваць за Расію. Не трэба. Беларусам за Расію агітаваць не трэба. Трэба эканамічна звязваць нашы дзяржавы і народы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка. 

У якасці прыкладу эфектыўных рашэнняў, якія спрыяюць развіццю супрацоўніцтва, Прэзідэнт прывёў павелічэнне колькасці рэйсаў вельмі запатрабаваных цягнікоў "Ластаўка" па маршруце паміж Масквой і Мінскам. "Гэтыя ашалелыя закрылі мяжу на захад. Ну, добра. Нашы ездзілі ў Піцер, у Маскву… У Казань паехалі людзі з Мінска (у тым ліку пабалець за мінскае "Дынама" на хакейным матчы з "Ак Барсам" 16 лістапада ў Казані. - Заўвага. БЕЛТА) - да сябе дадому. Ніхто іх не стрымлівае. Самалёты, верталёты, цягнікі, аўтобусныя маршруты - яны вельмі ў нас запатрабаваныя. А ў расіян запатрабавана Беларусь", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Напрыклад, расіяне - на першым месцы сярод наведвальнікаў турыстычных аб'ектаў у Беларусі. Вялікім попытам карыстаюцца і беларускія гасцініцы, запатрабаваны медыцынскія паслугі.

Аляксандр Лукашэнка распавёў, што падчас размовы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным рэгулярна закранаецца тэматыка міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, і з боку расійскага лідара "ёсць поўная падтрымка".

belta.by