Максім Дзенькоўскі з СШ № 1 г. п. Бешанковічы імя І. І. Стрычко — у ліку пераможцаў абласнога конкурсу «Эўрыка»

Максим Деньковский из СШ № 1 г. п. Бешенковичи имени И. И. Строчко — в числе победителей областного конкурса «Эврика»

Абласны конкурс даследчых работ вучняў 9-11 класаў Віцебскай вобласці «Эўрыка» стаў для нашага юнага земляка — вучня СШ № 1 г. п. Бешанковічы імя І. І. Стрычко Максіма Дзенькоўскага — зорным часам. На конкурс было заяўлена шэсць даследчых работ вучняў першай школы. Усе годна прадставілі свае навуковыя даклады, атрымаўшы каштоўны досвед і экспертную ацэнку сваіх даследаванняў. У секцыях «Фізіка. Інжынерны прарыў», «Гісторыя», «Хімія» вызначыліся тры фіналісты. Вучань 10 класа медыцынскага профілю Максім Дзенькоўскі адзначаны дыпломам II ступені па хіміі. Яго праца па біякампазітах будзе прадстаўляць школу на моладзевым праекце «100 ідэй для Беларусі». Мы сустрэліся з юным даследчыкам і яго кіраўніком, намеснікам дырэктара школы Аленай Піскуновай.

Праект «Кампазіты з казеінавай матрыцай, армаваныя валокнамі з перапрацаванай цэлюлозы» прыняў удзел у абласным конкурсе навуковых экалага-біялагічных работ вучняў, а 10-11 снежня будзе прадстаўлены ў тэхнапарку на фінале рэспубліканскага конкурсу «ПРА-ТЭХНА» інжынерна-тэхнічных цэнтраў у намінацыі «Бія­тэхналогіі». Дарэчы, у складзе каманды Віцебскай вобласці возьмуць удзел 6 нашых вучняў. Узначаліць каманду юных даследчыкаў Віцебшчыны Алена Піскунова. 17 снежня праект будуць анансаваць у «Прэзідэнт-Оцелі» на рэспубліканскім конкурсе інавацыйных праектаў.

«Наш праект па біяскуры атрымаў фінансаванне ад рэспубліканскага цэнтра па навуцы і інавацыях на суму 23 тысячы. Дзякуючы гэтаму ў школе з'явілася біятэхналагічная лабараторыя інжынерна-тэхнічнага цэнтра. І вось гэты праект – працяг развіцця менавіта ў напрамку біятэхналогіі і зялёнай хіміі, – распавядае Алена Вадзімаўна. – Можна сказаць, у Віцебскай вобласці мы першаадкрывальнікі. Вельмі прыемна, што едзем на рэспубліку, на мерапрыемства такога маштабу, і ганарова, што па біятэхналогіі ўсе тры нашы працы будуць прадстаўляць Віцебскую вобласць. Гэта праект па біякампазіце, таксама працягнулі тэму біяскуры (рыхтуем калекцыю, якую спадзяёмся прадставіць у сакавіку) і аналіз магчымасці прымянення біяпалімераў у прамысловасці. Акрамя таго, дзве працы будуць па тэхнічным канструяванні, якім мы ўжо займаемся шмат гадоў. Так што так, нам сапраўды ёсць чым ганарыцца!»

Што ж уяўляе сабой праект, які распрацавалі з Максімам? Як адзначыла Алена Вадзімаўна, гэта кампазіт, які заснаваны на казеінавай матрыцы і арміраваны перапрацаванымі валокнамі.
«Мы прапануем у сваім праекце выкарыстоўваць малако, непрыдатнае ва ўжытак, – тлумачыць Алена Піскунова. – Тое, якое ідзе не на вытворчасць, напрыклад, з тымі ж самымі антыбіётыкамі, пракіслае. Гэта значыць, па факце гэта малако ўтылізуецца. Мы шукалі рашэнне, каб гэта малако было прыдатнае. З яго мы атрымліваем тэхнічны казеін. Ужо з дапамогай якога з дадаткам гідраксіду кальцыя атрымліваем вадкую матрыцу. Любая матрыца будзе ўсыхаць, гэта значыць патрэбен напаўняльнік. І мы прапанавалі зусім інавацыйны праект – гэта перапрацоўка цыгарэтных фільтраў. Як вядома, на квадратны метр вельмі шмат недакуркаў. Вывучылі іншыя распрацоўкі, як наогул з гэтай праблемай змагаецца сусветная супольнасць. І прапанавалі свой варыянт.

Сігaрэтны фільтр складаецца з хімічнага сінтэтычнага матэрыялу ацэтат цэлюлозы, які доўга раскладаецца.

Для таго, каб сігaрэтны фільтр расклаўся на элементы, неабходныя пэўныя ўмовы – вільготнасць і сонца. Ён раскладзецца, але розныя смалы, іншыя таксічныя рэчывы, застануцца ў зямлі, будуць забруджваць вадаёмы, глебу. Мы распрацавалі спецыяльны кантэйнер (прадставілі, як бы ён выглядаў), які можна будзе ўсталяваць у месцах курэння для збору сігaрэтных фільтраў. Распрацавалі экалагічны працэс, пры якім сігaрэтныя фільтры стэрылізуюцца. Звялі да максімальнай бяспекі, усё бескантактава. Стэрылізацыя ў печы, затым прамыванне ў машыне барабаннага тыпу з цэнтрыфугай, за кошт чаго ідзе разбурэнне структуры фільтраў, плюс механічная ачыстка, пасля якой – выкарыстанне тэхнічнага спірту для выдалення ўсіх таксічных рэчываў. Выбралі ізапрапілавы спірт. Па-першае, ён з'яўляецца лепшым антысептыкам (выкарыстоўваецца ў медыцынскіх прэпаратах, касметалогіі, менавіта ў якасці дэзінфекцыі). Яшчэ адна асаблівасць спірту ў тым, што ён ачышчае ад смалы, з'яўляецца растваральнікам таксічных злучэнняў. Калі ў нас фільтр праходзіць гэту апрацоўку, застаецца абсалютна чыстае валакно. Але гэта, фактычна, яшчэ сінтэтыка. Дык вось, мы працягнулі распрацоўку далей і давялі працэс да таго, што з сінтэтыкі атрымалі чыстую перапрацаваную цэлюлозу. Дадзены матэрыял – біяраскладальны».

Праект прывабны тым, што прапануе варыянт перапрацоўкі адходаў, выкарыстоўвае непрыдатнае малако. Па факце ж атрымліваецца біякампазіт, лёгкі і вільгацеўстойлівы.

«Уласцівасці казеіну вывучалі яшчэ ў Егіпце. Пры злучэнні гідраксіду кальцыю атрымліваецца казеінат кальцыю, які наогул не раствараецца ў вадзе, – распавядае пра працэс Алена Вадзімаўна. – Мы яшчэ пластыфікатары дадавалі, у нас свая тэхналогія. Атрыманы матэрыял дастаткова трывалы, лёгкі. Вельмі добрая альтэрнатыва гіпсакардону. Цікавіць нас і прымяненне ў якасці ўпакоўкі. Першапачаткова, калі наогул задумваўся гэты праект, вырабілі пласціны. Прабавалі рабіць з матэрыялу функцыянальныя прадметы. Ужо ёсць шахматы, домік, канструктар LEGO. Гэта значыць, мы вывучаем магчымасці гэтага біякампазіту. Так, гэта не канчатковая тэхналогія. Паглядзеўшы на асаблівасці матэрыялу, зацікавіліся, як прыбраць такі дэфект, як усадка. Яе пакуль не можам прагназаваць. Вядзём распрацоўкі і, падобна, што мы гэтага даб'емся ўсё ж такі. Нам зараз цікавая менавіта адпрацоўка тэхналогіі, калі гэта будзе зроблена, будзем прагназаваць практычнае прымяненне. Ужо можна сказаць, што дадзены матэрыял, напрыклад, цалкам можа выкарыстоўвацца для мадэлявання. Калі працаваць далей, прайсці этап дублення ў тым жа самым фармаліне, у нас па факце з'яўляецца ўжо пластык…»

З аднаго літра малака, як падкрэслілі нашыя даследчыкі, атрымліваецца каля 30 грамаў казеіну. Яго хапае на дзве пласціны 8 на 8 см таўшчынёй 1 см. Звычайна замешваецца за раз адна порцыя, запаўняюцца формы.
Хоць казеінам землякі цікавіліся даўно, але праект узнік толькі ў верасні. У школе функцыянуе інжынерная група і інжынерна-тэхнічны цэнтр. З сёлетняга года з'явілася медыцынская група. Менавіта яе і прыцягнулі да біятэхналогій. «Хлопцы самі просяцца ўдзельнічаць у праектах, – кажа Максім. – Гэта настолькі цікава, ты ўдзельнічаеш у стварэнні чагосьці новага, невывучанага. Мне вельмі падабаецца гэтая даследчая і ў чымсьці творчая праца».

Алена Піскунова шосты год працуе намеснікам дырэктара, не толькі курыруючы даследчую дзейнасць, але і актыўна сама прымаючы ў ёй удзел. Пачынае працаваць з дзецьмі ўжо літаральна з другога-трэцяга класа. Ужо цяпер з імі ёсць дастаткова сур'ёзныя праекты – напрыклад, электрамагнітны цягнік. Праз такія канструктарскія праекты дзеці вывучаюць біялогію, хімію, фізіку. Гэта рэальнае прымяненне ведаў на практыцы, што хлопцам нашмат цікавей.

Пачынаючы праект, землякі з цікавасцю чакалі, што з яго атрымаецца. І зараз у іх яшчэ больш запалу і натхнення. Давесці даследаванне да таго, каб матэрыял не толькі быў цвёрдым, але і набыў элемент пругкасці, уласцівасці, як у гумы. У педагога і яго вучняў шмат ідэй, цікавых і перспектыўных. Адной з іх, дарэчы, падзяліліся – каб менш стала бутэлек, трэба стварыць растваральныя капсулы для вады.

Нездарма кажуць, вялікія адкрыцці адбываюцца раптоўна. Віншуем нашых землякоў з заслужанай перамогай. Жадаем поспехаў і натхнення на будучыя вялікія справы!

"Зара"