Міні-палігоны захоўвання адходаў патрабуюць увагі

Пракуратурай Бешанковіцкага раёна сумесна са спецыялістамі Бешанковіцкай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховай навакольнага асяроддзя ў чэрвені 2016 г. праведзена абследаванне міні-палігонаў для захоўвання цвёрдых камунальных адходаў раёна на прадмет іх належнага ўтрымання, а таксама адпаведнасці санітарным і прыродаахоўным патрабаванням.

Устаноўлена, што рашэннем Бешанковіцкага райвыканкама №755 ад 30.07.2014 зацверджана Схема абыходжання з камунальнымі адходамі ў Бешанковіцкім раёне, узгодненая з Бешанковіцкай раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і ДУ «Бешанковіцкі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі».

У ходзе праверкі ўстаноўлена, што парадак абыходжання з адходамі, прадугледжаны названай вышэй схемай, у цэлым, выконваецца. Збор адходаў ажыццяўляецца УПК ЖКГ «Бешанковіцкі камунальнік» на кантэйнерных пляцоўках у населеных пунктах, маюцца месцы для часовага захоўвання і збору адходаў.

Разам з тым, пры наведванні асобных міні-палігонаў для захоўвання цвёрдых камунальных адходаў устаноўлены парушэнні патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь «Аб абыходжанні з адходамі», Санітарных правіл і норм 2.1.7.12-9-2006 «Гігіенічныя патрабаванні да ўладкавання і ўтрымання палігонаў для цвёрдых камунальных адходаў», зацверджаных пастановай Галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Рэспублікі Беларусь №68 ад 29.05.2006, а таксама ТКП 17.11-02-2009 (02120/02030) «Ахова навакольнага асяроддзя і прыродакарыстанне. Адходы. Абыходжанне з камунальнымі адходамі. Аб'екты захавання цвёрдых камунальных адходаў. Правілы праектавання і эксплуатацыі».

Так, у ходзе абследавання міні-палігонаў «Сасняны», «Клешчына», «Горкі», «Фралкавічы», «Арлова», «Крупеніна», «Вяжышча», «Пушкары» (закансерваваны) устаноўлена, што эксплуатуючай арганізацыяй – УКП ЖКГ «Бешанковіцкі камунальнік» не выконваюцца належным чынам патрабаванні прыродаахоўнага заканадаўства.

У прыватнасці, камунальныя адходы раскіданы па значнай тэрыторыі, не збуртаваны, абвалоўка адсутнічае, водаадводныя канавы не арганізаваны, не ўсюды размешчаны інфармацыйна-ўказальныя знакі, шлагбаумы, дапускаецца спальванне адходаў, захоўванне другаснай сыравіны, што супярэчыць патрабаванням арт.25 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб абыходжанні з адходамі», п.п.28, 30, 39 Санітарных правіл і норм 2.1.7.12-9-2006, а таксама п.п.4.6 п.4, п.п.6.4.13 п.6.4 ТКП 17.11-02-2009 (02120/02030).

Каля кар'ера «Вядзерава» СВУП «Вядзерава» ўтварылася несанкцыянаваная звалка, разам з тым раней тут размяшчаўся міні-палігон «Пушкары», які закансерваваны рашэннем райвыканкама №937 ад 29.09.2015, аднак працягвае эксплуатавацца.

На момант наведвання палігона ЦКА каля н.п. Дразды гаспадарчая зона была не ачышчана, захламлена, на тэрыторыі палігона дапускаецца захоўванне другасных матэрыяльных рэсурсаў, неналежным чынам забяспечваецца іх раздзельны збор па відах, дапускаецца прыём і ўтылізацыя трупаў жывёл, водаадводная канава таксама захламлена адходамі.

У сілу арт.50 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове навакольнага асяроддзя» юрыдычныя асобы, гаспадарчая і іншая дзейнасць якіх звязана з абыходжаннем з адходамі, абавязаны выконваць патрабаванні ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, а таксама санітарныя, супрацьпажарныя і іншыя патрабаванні, устаноўленыя заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Прыведзеныя вышэй парушэнні заканадаўства аб утрыманні міні-палігонаў для захоўвання цвёрдых бытавых адходаў з'яўляюцца непрымальнымі, паколькі спрыяюць забруджванню навакольнага асяроддзя, ствараюць пагрозу экалагічнай бяспецы, могуць прычыніць істотную шкоду навакольнаму асяроддзю і здароўю насельніцтва.

Па выніках праверкі пракурорам раёна ў адрас дырэктара УКП ЖКГ «Бешанковіцкі камунальнік» унесена прадстаўленне з патрабаваннем прыняцця неадкладных мер па ліквідацыі дапушчаных парушэнняў заканадаўства аб адходах і ахове навакольнага асяроддзя, санітарных норм і правіл пры ўтрыманні міні-палігонаў, а таксама прычын і ўмоў, якія ім спрыялі.

30.06.2016

Памочнік пракурора раёна
юрыст 2 класа
В.В. Ларкова