Мы ў адказе за тое, што нас акружае…

Пракуратурай Бешанковіцкага раёна сумесна са спецыялістамі Бешанковіцкай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя праведзены рэйдавыя мерапрыемствы па пытанні добраўпарадкавання населеных пунктаў, іх належнага ўтрымання, адпаведнасці санітарным і прыродаахоўным патрабаванням.

У ходзе рэйдавых мерапрыемстваў абследаваны тэрыторыі, якія знаходзяцца ў межах населеных пунктаў Рубеж Верхнякрывінскага сельсавета і Фролкавічы Ульскага сельсавета Бешанковіцкага раёна, па выніках якіх выяўлены несанкцыянаваныя звалкі бытавых адходаў, якія знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці ад жылых дамоў, а таксама ад сельскагаспадарчых угоддзяў, што значна пагаршае эстэтычнае ўспрыманне навакольнага асяроддзя, стварае пагрозу забруджвання зямель.

Правіламі добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў, зацверджаных пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №1087 ад 28.11.2012, абавязак па добраўпарадкаванні, утрыманні (эксплуатацыі) тэрыторыі на землях агульнага карыстання ўскладаецца на мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы або ўпаўнаважаныя імі юрыдычныя асобы.

Патрабаванні арт.44 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні» ад 04.01.2010 №108-З, арт.11 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове навакольнага асяроддзя», арт.12 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб абыходжанні з адходамі» абавязваюць выканкамы першаснага ўзроўню забяспечваць добраўпарадкаванне і падтрыманне належнага санітарнага стану на адпаведнай тэрыторыі, прыцягваць грамадзян і арганізацыі да ажыццяўлення такіх работ, арганізоўваць работы па выдаленні камунальных адходаў, якія ўтвараюцца на іх тэрыторыі.

Выяўленыя парушэнні заканадаўства аб утрыманні населеных пунктаў з'яўляюцца непрымальнымі, паколькі спрыяюць забруджванню навакольнага асяроддзя адходамі, наносяць шкоду экалагічнай бяспецы, правам і законным інтарэсам грамадзян.

Па выніках праверкі пракурорам раёна ў адрас старшынь Верхнякрывінскага і Ульскага сельскіх выканаўчых камітэтаў вынесены прадпісанні з патрабаваннем прыняцця неадкладных мер па ліквідацыі дапушчаных парушэнняў заканадаўства аб добраўпарадкаванні і ўтрыманні населеных пунктаў, прыродаахоўнага заканадаўства.

30.06.2016

Памочнік пракурора раёна
юрыст 2 класа
В.В. Ларкова