На Бешанковіччыне прайшоў раённы суботнік
Першы сёлета раённы суботнік зноў аб'яднаў жыхароў раёна ў сумеснай працы на карысць агульнай справы. На Бешанковіччыне прайшла маштабная кампанія па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі.
З самай раніцы працоўныя калектывы выйшлі на прыборку галоўных вуліц гарпасёлка. Бешанковічы прыбіралі замацаваныя тэрыторыі, паркі і скверы, ачышчалі цэнтральныя вуліцы ад пяску і смецця.
Вялікі працоўны дэсант высадзіўся ў вёсках Паўвозер'е і Сакарова Ульскага сельсавета. Тут у рамках суботніка работнікі Бешанковіцкага лясгаса, ДЭУ №36, Бешанковіцкага камунальніка, РГС, ПМК‑41, упраўлення райсельгасхарч, райветстанцыі, малакапрыёмнага пункта, Бешанковіцкага ўчастка водаканала агульнымі намаганнямі наводзілі парадак на тэрыторыі, прылеглай да мясцовага яблыневага саду. Землякі высякалі дрэвава-хмызняковую расліннасць, акошвалі пустазельную расліннасць.
<
Жихары вёскі Забелле Соржыцкага сельсавета наводзілі парадак у сваім населеным пункце талакой. Арганізавала аднавяскоўцаў на добрую справу стараста Валянціна Кавалеўская. У аграгарадку Комоскі прыбіралі парк і помнік землякам. Наводзілі парадак у прыдарожнай паласе ў аграгарадку Дрозды.
Слаўна папрацавалі на суботніку жыхары аграгарадка Будзілава. Вяскоўцы добраўпарадкоўвалі тэрыторыю каля сваіх дамоў, рыхтавалі пляцоўку пад пасадку дрэў. Акрамя таго, пачалася праца па ачыстцы сажалкі ў населеным пункце. Такое рашэнне было прынята на агульным сходзе жыхароў. У планах таксама добраўпарадкаванне стадыёна і дзіцячай пляцоўкі.
У суботнiку ў Будзілава актыўны ўдзел прынялі супрацоўнікі Бешанковіцкага РАНС, за што жыхары і мясцовая ўлада выказваюць асаблівую падзяку начальніку аддзела Мікалаю Шустраву.
Значны аб'ём работ выканалі работнікі Бешанковіцкага ТЦСАН, большасць з якіх з'яўляюцца членамі партыі «Белая Русь». Сумеснымі намаганнямі навялі парадак на тэрыторыі, прылеглай да будынка ўстановы, ачысцілі прыдарожную паласу на вуліцы Свабоды, прывялі ў парадак стары парк у вёсцы Плісы і добраўпарадкавалі памятныя месцы, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной.
«Суботнік — гэта выдатная магчымасць унесці свой уклад у паляпшэнне нашага агульнага дома, нашай малой радзімы», — упэўнены старшыня раённага аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь», дырэктар ТЦСАН Аляксандр Мацэвіч.
І гэта далёка не ўсе лакацыі, дзе разгарнуліся работы. Добраўпарадкаванне роднага краю сумеснымі намаганнямі — заўсёды выдатная ідэя. І цудоўна, калі побач знаходзяцца аднадумцы і калегі, з якімі прыемна правесці час на раённым суботніку