На працягу 3 месяцаў вадзіцель выкрадаў зэканомленае паліва
Пракуратурай Бешанковіцкага раёна падтрымана дзяржаўнае абвінавачанне па крымінальнай справе ў дачыненні да вадзіцеля суб'екта гаспадарання дзяржаўнай формы ўласнасці.
Як устаноўлена, у перыяд часу з 06.02.2025 па 14.05.2025 вадзіцель дзяржаўнай арганізацыі Л., з'яўляючыся матэрыяльна адказнай асобай, шляхам прысваення выкраў не менш за 322 літры дызельнага паліва, якое ім было зэканомлена пры працы на замацаваным за ім транспартным сродку.
Указанае паліва Л. рэалізоўваў за наяўны разлік сваім знаёмым са зніжкай, а атрыманыя грашовыя сродкі траціў на свае патрэбы.
У ходзе папярэдняга следства па крымінальнай справе абвінавачаны кампенсаваў прычыненую шкоду ў поўным аб'ёме.
На падставе прадстаўленых дзяржаўным абвінаваўцам доказаў суд Бешанковіцкага раёна прызнаў Л. вінаватым у прысваенні маёмасці асобай, якой яна даверана. У якасці пакарання яму прызначана 2 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу са штрафам у памеры 100 базавых велічынь, што складае 4200 рублёў, без пазбаўлення права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.
Таксама ў адпаведнасці з арт.9 Закона Рэспублікі Беларусь ад 06.05.2025 №70-З «Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне» абвінавачаны быў часткова вызвалены ад пакарання ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на адзін год.
Прыгавор суда ўступіў у законную сілу.
Намеснік пракурора
Бешанковіцкага раёна
малодшы саветнік юстыцыі В.В.Дойлідаў