На варце сямейнага дабрабыту
Выяўленне і спыненне бытавых злачынстваў – адна з формаў прафілактыкі і папярэджання больш цяжкіх злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзян, асабліва здзейсненых у сферы бытавых адносін. Аднак праводзіць яе пры адсутнасці жадання пацярпелых пакараць крыўдзіцеля – справа нялёгкая. Бо для прымірэння заўсёды знойдуцца прычыны – наяўнасць непаўналетніх дзяцей, жаданне захаваць сям'ю, залежнасць жонкі ад мужа ў фінансавым плане, аплата штрафу, якая таксама б'е па сямейным бюджэце, і іншыя. Безнаказанасць жа, у сваю чаргу, прыводзіць да павышэння самаацэнкі крыўдзіцеля і ўсёдазволенасці яго супрацьпраўных дзеянняў, а, здараецца, да непапраўных наступстваў.
Як паведаміла на сумешчаным пасяджэнні Савета грамадскага пункта аховы правапарадку г. п. Бешанковічы і раённага міжкамітэтнага савета па аказанні дапамогі пацярпелым ад хатняга гвалту, якое адбылося 29 ліпеня, старшыня суда Бешанковіцкага раёна Наталля Раўт, за бягучы перыяд 2025 года па артыкуле 10.1 ч. 2 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (нанясенне пабояў, што не пацягнула прычынення цялесных пашкоджанняў, наўмыснае прычыненне болю, фізічных або псіхічных пакутаў, здзейсненыя ў дачыненні да блізкага сваяка, члена сям'і або былога члена сям'і, альбо парушэнне абарончага прадпісання) судом раёна разгледжана 105 спраў. Па 46 вытворчасць спынена, па 42 з іх – у сувязі з прыміраннем пацярпелых з асобамі, у дачыненні да якіх вяўся адміністрацыйны працэс. 59 чалавек прыцягнуты да адказнасці: 28 аштрафаваны, на 10 сямейных дэбашыраў накладзены адміністрацыйны арышт, а 21 – атрымалі грамадскія работы, што таксама з'яўляецца дзейсным мерай пакарання.
Наталля Пятроўна выступіла з пытаннем «Аб прымяненні да асоб, якія здзейснілі хатні гвалт, іншых мер уздзеяння, акрамя штрафных санкцый».
У парадку дня пасяджэння была таксама праца суб'ектаў прафілактыкі з асобамі, у дачыненні да якіх дапушчаны хатні гвалт, па правядзенні выхаваўчых мерапрыемстваў з непаўналетнімі і іх законнымі прадстаўнікамі з мэтай прадухілення гвалту, жорсткага абыходжання, злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці непаўналетніх. А таксама па прафілактыцы, своечасовым выяўленні хатняга гвалту і аказанні медыцынскай і псіхалагічнай дапамогі грамадзянам, якія звярнуліся ў ЦРБ, аб арганізацыі інфармацыйна-асветніцкай і прафілактычнай работы з пажылымі грамадзянамі, людзьмі з інваліднасцю.
Толькі на мінулым пасяджэнні разгледжаны матэрыялы ў дачыненні да 11 грамадзян, якія ўступілі ў супярэчнасць з законам, 4 з іх – па прычыне сямейных скандалаў.
Па інфармацыі раённага аддзела ўнутраных спраў, на прафілактычным уліку ў РАУС на бягучы момант знаходзяцца 57 чалавек, якія здзейснілі хатні гвалт. З кожным праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа. З пачатку года ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі з нашага раёна накіравана 11 чалавек, у тым ліку 6 – за здзяйсненне хатняга гвалту, узбуджана 3 крымінальныя справы прэвентыўнай накіраванасці ў сферы сямейна-бытавых адносін.
Як паказвае практыка, больш за 90 працэнтаў злачынстваў і правапарушэнняў у бытавой сферы здзяйсняюцца ў нецвярозым стане. Алкаголь знаходзіцца ў свабодным продажы, таму многае залежыць ад культуры ўжывання. Ні міліцыя, ні карныя органы дарослым людзям яе не прышчапяць, толькі сам чалавек. А вось дапамагчы ахвярам сямейных тыранаў можна.
Хоць сямейна-бытавыя адносіны схаваныя ад чужых вачэй і дастояньнем гласнасьці скандалы ў сям'і становяцца толькі тады, калі ахвяра набірае нумар міліцыі ці здараецца трагедыя, каб з-за папушчальніцтва пацярпелых чальцоў сям'і, а часта і з-за абыякавасьці суседзяў не адбылося непапраўнае, а вінаваты панёс заслужанае пакараньне, не ўхіліўся ад адказнасьці, у барацьбе з «бытавой» злачыннасьцю важна выхаваньне актыўнай жыцьцёвай пазыцыі грамадзян, іх нецярпімасьці да найдрабнейшых праяваў хатняга гвалту.
Замаўчаць і трываць хатні гвалт не трэба, бо бязьдзейнасьць спрыяе яго паўтарэньню і не раз. Не чакайце трагедыі, зьвяртайцеся ў РАУС, да ўчастковага інспэктара ці выклікайце міліцыю па тэлефоне 102.
Ларыса ПАЎЛОЎСКАЯ.